Прэзідэнт Манголіі заявіў аб гатоўнасці да больш інтэнсіўнага супрацоўніцтва з Беларуссю
26 кастрычніка, Мінск . Прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух падтрымаў прапанову беларускага лідара аб актывізацыі супрацоўніцтва і рэалізацыі двух-трох важных праектаў. Аб гэтым ён заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім складзе,
«Поўнасцю згодны і падтрымліваю вашу прапанову аб тым, што нам неабходна ў першую чаргу рэалізаваць канкрэтныя два-тры праекты, каб ад іх быў плённы вынік. Са свайго боку мы гатовы гэту прапанову разгледзець і зрабіць далейшыя крокі», — сказаў Ухнаагійн Хурэлсух.
Паводле яго слоў, асаблівы інтарэс выклікае супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі для забеспячэння харчовай бяспекі Манголіі.
Ухнаагійн Хурэлсух адзначыў, што напярэдадні ў іх з Аляксандрам Лукашэнкам адбыліся перагаворы ў нефармальнай абстаноўцы, у ходзе якіх яны абмеркавалі актуальныя пытанні міжнароднга і рэгіянальнага парадкаў дня, перспектывы ўмацавання двухбаковага ўзаемадзеяння. Акрамя таго, у час візіту Прэзідэнт Манголіі з членамі дэлегацыі наведаў адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці МНС Беларусі, а таксама меў магчымасць азнаёміцца з узорамі розных відаў тэхнікі беларускай вытворчасці. «Яны вышэйшага ўзроўню і якасці, — даў сваю ацэнку ўбачанай прадукцыі Ухнаагійн Хурэлсух. — Тыя трактары, камбайны, якія мы бачылі, падыходзяць нам па сваіх параметрах для ўмоў работы на тэрыторыі Манголіі». Ён падкрэсліў, што бачыць магчымасці для арганізацыі ў Манголіі сумеснага цэнтра па зборцы трактароў, продажы і сэрвісным абслугоўванні.
Акрамя сельскай гаспадаркі і прамысловасці Ухнаагійн Хурэлсух бачыць магчымасці для ўзаемадзеяння ў галіне лясной гаспадаркі.
Прэзідэнт Манголіі звярнуў увагу, што ў 2024 годзе адбыўся візіт Прэзідэнта Беларусі ва Улан-Батар. «Тое, што кіраўнікі дзвюх дзяржаў менш як за два гады ажыццяўляюць узаемныя візіты, з’яўляецца яркім сведчаннем таго, што не толькі народы, а таксама кіраўніцтва імкнецца да цеснага ўзаемнага супрацоўніцтва», — заявіў ён.
Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка на афіцыйных перагаворах у вузкім складзе з Прэзідэнтам Манголіі заявіў: «Мы дамовіліся аб тым, што трэба пачынаць супрацоўніцтва па-сур’ёзнаму. А для таго, каб пабудаваць добры будынак, патрэбны моцны фундамент. І прынялі рашэнне, што трэба пачынаць з трох добрых канкрэтных праектаў, якія б ляжалі ў аснове нашага супрацоўніцтва».
Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што эфект ад такіх праектаў перш за ўсё павінны адчуць і зразумець, што бакі сур’ёзна настроены на супрацоўніцтва, народы дзвюх краін.




