Лукашэнка: Беларусь і М’янма ў эканамічным супрацоўніцтве могуць значна больш
Аляксандр Лукашэнка і Аун Лін Дзве 22 кастрычніка, Мінск . Паміж Беларуссю і М’янмай вядзецца актыўная прапрацоўка далейшага развіцця супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Асамблеі Саюза, старшынёй Палаты нацыянальнасцей Асамблеі Саюза Рэспублікі Саюз М’янма Аун Лін Дзве,
«Я вітаю вас у Беларусі. Добра, што вы прыехалі менавіта ў гэты час, калі ідзе актыўная прапрацоўка будучых напрамкаў супрацоўніцтва з вашай краінай. І нават не проста напрамкаў супрацоўніцтва, а будучых кантрактаў, канкрэтных спраў паміж вашай краінай і Беларуссю», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Калі быць абсалютна шчырым і гаварыць дыпламатычна, павінен сказаць, што мы можам у гандлёва-эканамічных пытаннях значна больш, чым маем цяпер. Прынамсі, нашы палітычныя адносіны рушылі далёка наперад ад эканомікі. Трэба эканоміцы падцягвацца да ўзроўню палітычных адносін», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што беларуска-м’янманскі камітэт па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве павінен унесці больш прапаноў у напрамку інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва дзвюх краін. «Абсалютна перакананы, што парламентарыі ў гэтым плане павінны калі не наперадзе прэзідэнтаў быць, то быць сапраўднай апорай кіраўніцтва нашых краін у пашырэнні інтарэсаў Беларусі ў М’янме і М’янмы ў Беларусі, — сказаў Прэзідэнт. — Ваш візіт сведчыць аб тым, што парламентарыі М’янмы ў гэтым напрамку гатовы дзейнічаць і дзейнічаюць. Запэўніваю вас, што і нашы парламентарыі ў даўгу не застануцца».
«Мы нацэлены на сур’ёзныя адносіны паміж дзвюма краінамі, таму што ёсць сур’ёзныя, у тым ліку эканамічныя, асновы нашага паспяховага супрацоўніцтва ў будучым. Проста трэба не траціць час, а рухацца наперад. Да гэтага нас падштурхоўвае бурнае развіццё міжнародных адносін. Гэтага патрабуе абстаноўка», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў добрыя перспектывы для самой М’янмы з улікам пазітыўнага развіцця абстаноўкі ўнутры краіны: «Віншую вас з паспяховым завяршэннем, як мне здаецца, вострага палітычнага перыяду ў М’янме. Абсалютна перакананы, што цяпер перад вамі адкрыты ўсе шляхі развіцця эканомікі ўнутры краіны, падтрымкі людзей. У вас вельмі шмат сяброў у свеце. Вы ў гэтым можаце не сумнявацца».





