АПК, зборка тэхнікі, пасажырскага транспарту. Якія напрамкі прамкааперацыі плануюць развіваць Беларусь і Казахстан
1 кастрычніка, Мінск . Напрамкі развіцця прамкааперацыі Беларусі і Казахстана абмеркавалі ў час Беларуска-казахстанскага дзелавога савета на палях выстаўкі «ІНАПРАМ. Беларусь»,
Старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў падкрэсліў уклад гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Казахстана ў развіццё ўзаемавыгаднага дзелавога супрацоўніцтва. Па выніках папярэдняга пасяджэння дзелавога савета было падпісана 21 пагадненне. «Гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Казахстанам дэманструе ўпэўненую дадатную дынаміку. За першае паўгоддзе 2026 года тавараабарот паміж краінамі вырас амаль на 18% у параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года. За гэтымі лічбамі стаяць давер партнёраў і гатоўнасць прадпрыемстваў да сумеснай кааперацыйнай работы», — адзначыў ён.
Старшыня БелГПП дапоўніў, што беларускія прадпрыемствы рэгулярна ўдзельнічаюць у выстаўках у Казахстане. У лістападзе 2025 года беларуская экспазіцыя была прадстаўлена на 27-й Міжнароднай выстаўцы харчовай прамысловасці FoodExpo Qazaqstan у Алматы. Таксама ён адзначыў выстаўку «ІНАПРАМ. Беларусь». «Выстаўка стала пляцоўкай для правядзення дзелавых сустрэч і ўмацавання міжнародных сувязей», — дадаў ён.
Як адзначыў старшыня праўлення Знешнегандлёвай палаты Казахстана Мурат Карымсакаў, у парадку дня дзелавога савета пытанні пашырэння супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана па ключавых напрамках — прамысловай кааперацыі, аграпрамысловым комплексе, транспарту, лагістыцы і лічбавізацыі. «Кожная сустрэча стварае новыя магчымасці для рэалізацыі сумесных праектаў. Сёння асабліва важна развіваць транспартна-лагістычную галіну, паколькі гэта дае магчымасць зніжаць сабекошт і аптымізаваць затраты кампаній», — адзначыў ён.
Мурат Карымсакаў дадаў, што Казахстан і Беларусь ужо маюць паспяховыя прыклады прамысловага супрацоўніцтва. У прыватнасці, беларуская сельскагаспадарчая тэхніка вытворчасці «Гомсельмаша» прадстаўлена на казахстанскім рынку каля 20 гадоў. Прадстаўлены таксама МТЗ і МАЗ. Пры гэтым бакі бачаць магчымасці для далейшага паглыблення кааперацыі. «Мы можам перайсці ад буйнавузлавой зборкі да больш глыбокіх тэхналагічных працэсаў. Гэта дасць магчымасць ствараць гатовую прадукцыю для паставак не толькі на ўнутраныя рынкі, але і ў краіны Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі», — дадаў ён.
Прыярытэтнымі напрамкамі прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Казахстанам старшыня праўлення назваў павышэнне ўзроўню лакалізацыі транспартных тэхналогій, пераход ад буйнавузлавой да дробнаузлавой зборкі сельгастэхнікі, грузавога транспарту з кааперацыяй па зварцы і фарбаванні.
Таксама неабходна актывізацыя вытворчасці аўтакампанентаў, кабін, акумулятараў, электратэхнічных і гідраўлічных сістэм. Прадстаўнік Казахстана вылучыў мадэрнізацыю камунальнага і пасажырскага аўтапарка, сумесныя праекты па зборцы пасажырскага транспарту, тралейбусаў, электробусаў і спецыялізаванай тэхнікі для камунальных службаў.
Асобную ўвагу на пасяджэнні ўдзялілі аграпрамысловаму комплексу. «АПК — адна з важнейшых галін, паколькі ад яе развіцця залежыць вытворчасць прадуктаў харчавання. У сучасных умовах супрацоўніцтва Казахстана і Беларусі ў гэтай сферы набывае стратэгічнае значэнне», — падкрэсліў Мурат Карымсакаў.
Ён таксама выказаў прапановы Знешнегандлёвай палаты Казахстана па падтрымцы дзелавога супрацоўніцтва. Сярод іх — правядзенне кропкавых бізнес-місій з наведваннем вытворчых пляцовак і індустрыяльных зон Казахстана і Беларусі, рэестр практычных бар’ераў, а таксама стварэнне пастаянна дзеючага кансультатыўнага цэнтра на базе палат, які зможа суправаджаць інвестыцыйныя праекты.
Дзелавы савет завяршыўся цырымоніяй падпісання пагадненняў на суму каля $80 млн. Сярод іх — дадатковыя пагадненні да асноўнага кантракта на пастаўку мясной і малочнай прадукцыі ў Казахстан на 2027 год, пагадненне па рэалізацыі на тэрыторыі Казахстана праекта па выпуску гумавых падлогавых пакрыццяў, пагадненне аб тэхнічным супрацоўніцтве і абмене вопытам, мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве, гандлёвае пагадненне аб пастаўках казахстанскай аўтамабільнай камерцыйнай тэхнікі, казахстанскай алкагольнай прадукцыі, а таксама партнёрскае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы маркетынгавых даследаванняў, пашырэння і рэалізацыі тавараў.
Фота Максіма Гучака






