Эканоміка

Ад вытворчасці тэхнікі да дзіцячага харчавання. Качанава аб перспектывах беларуска-алжырскіх інтэграцый

Фота з архіва 17 верасня, Мінск . Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на сустрэчы з прэзідэнтам Алжыра Абдэльмаджыдам Тэбунам абазначыла канкрэтныя кааперацыйныя праекты для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Падрабязнасці перагавораў паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

«У рэалізацыі праектаў па зборачнай вытворчасці тэхнікі мы прапануем рухацца паэтапна, але хутка: ад пастаўкі пробнай партыі для ацэнкі якасці і арганізацыі сэрвіснага абслугоўвання з падрыхтоўкай спецыялістаў — да стварэння сумесных зборачных вытворчасцей. Нам вельмі важна выпрацаваць такія дамоўленасці, якія будуць рэнтабельнымі і выгаднымі для абодвух бакоў», — сказала Наталля Качанава.

Таксама ў ходзе перагавораў былі агучаны гатовыя кааперацыйныя ініцыятывы. Сярод іх — арганізацыя сумесных вытворчасцей энерганасычаных і гусенічных трактароў МТЗ, пасажырскай тэхнікі МАЗ, запуск праектаў па будаўніцтве зернесушыльных комплексаў. Пацверджана зацікаўленасць у рэалізацыі праекта па выпуску мінеральных угнаенняў з выкарыстаннем беларускай сыравіны з удзелам Беларусі, Алжыра і Амана.

У сферы АПК і фармацэўтыкі беларускі бок прапанаваў выбудоўваць работу комплексна: ад прамых паставак дзіцячага харчавання кампаніі «Беллакт» да яго далейшай фасоўкі і стварэння сумеснай вытворчасці на тэрыторыі Алжыра. Па лініі «Белфармпрам» прапанавана ўзаемная лакалізацыя і сертыфікацыя медыцынскіх прэпаратаў.

Наталля Качанава дадала, што фундаментам для эканомікі застаюцца агульныя каштоўнасці — абарона суверэнітэту, незалежнасці і права на ўласны шлях развіцця. Пацвярджэннем шчырай дружбы стала і гуманітарнае супрацоўніцтва: гэтым летам па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі Беларусь прыняла ўжо на аздараўленне ў дзіцячым цэнтры «Зубраня» групу алжырскіх дзяцей.

Праграму афіцыйнага візіту дапоўніла і наведванне галоўнага духоўнага і архітэктурнага сімвала краіны — Вялікай мячэці Алжыра (Джамаа эль-Джазаір). Гэту трэцюю па велічыні мячэць у свеце і буйнейшае архітэктурнае збудаванне Афрыкі называюць праектам тысячагоддзя.

«Алжыр — краіна з вялікай гісторыяй і слаўнымі традыцыямі, шмат у чым сугучная Беларусі. Нас аб’ядноўвае галоўнае — святое стаўленне да сваёй незалежнасці, беражлівае захаванне духоўных вытокаў і культурных каштоўнасцей. Калі ёсць такая глыбінная ўзаемная павага, міждзяржаўны дыялог выбудоўваецца шчыра і па ўсіх напрамках», — акцэнтавала Наталля Качанава, адзначыўшы, што знаёмства з  ключавымі сімваламі Алжыра стала важнай часткай праграмы візіту, што пацвярджае імклівае ўмацаванне гуманітарных сувязей і народнай дыпламатыі паміж дзвюма дзяржавамі.

Фота Сяргея Шэлега

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»