Якія магчымасці дасць беларусам лічбавы рубель, расказалі эксперты
Фота з архіва 29 чэрвеня, Мінск . Якія магчымасці дасць беларусам лічбавы рубель, абмеркавалі на выязным пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі па законапраекце «Аб змяненні законаў па пытаннях лічбавага беларускага рубля»,
Старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Раман Бродаў адзначыў, што ў Беларусі, як і ў іншых краінах, няўхільна расце доля безнаяўных разлікаў у рознічным абароце, актыўна развіваюцца лічбавыя плацежныя інструменты. «Больш за 100 краін вядуць даследаванні ў галіне лічбавых валют. Нацыянальныя банкі з рознай ступенню гатоўнасці падступіліся да ўкаранення гэтага віду лічбавых знакаў, некаторыя яшчэ знаходзяцца на стадыі даследавання. Беларусь у гэтым кантэксце знаходзіцца ў лідзіруючай групе краін у плане развіцця, асэнсавання, гатоўнасці. Праект стварэння беларускай лічбавай валюты ў нас стартаваў некалькі гадоў таму», — сказаў ён.
Раман Бродаў падкрэсліў, што ў праекце па стварэнні і развіцці платформ лічбавага беларускага рубля Нацыянальны банк арыентуецца на дасягненне шэрага даволі важных і пазітыўных мэт. Гэта зніжэнне выдаткаў для грамадзян і бізнесу, а таксама дзяржавы пры ажыццяўленні плацяжоў і пераводаў, укараненне інавацыйных тэхналогій і павышэнне эфектыўнасці кіравання фінансамі на дзяржаўным узроўні, павышэнне фінансавай даступнасці, развіццё канкурэнцыі на плацежным рынку, садзейнічанне ўкараненню інавацыйных прадуктаў і сэрвісаў, стварэнне новых відаў механізмаў для плацяжоў і пераводаў, у тым ліку і для трансгранічных разлікаў.
«Мяркуецца, што лічбавы беларускі рубель, выходзячы за рамкі простага плацежнага інструменту, адкрые магчымасці для трансфармацыі ключавых працэсаў у эканоміцы. А яго выкарыстанне здольна павысіць хуткасць, празрыстасць і бяспеку фінансавых аперацый. Чакаецца, што для бізнесу камісіі за аперацыі з лічбавым рублём будуць ніжэйшыя, чым пры выкарыстанні транзакцыйнай плацежнай сістэмы або эквайрынгу», — абазначыў Раман Бродаў.
Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзяніс Скабялка звярнуў увагу на тое, што лічбавы беларускі рубель — тэхналогія, якая забяспечвае празрыстасць і кантроль у тым ліку за бюджэтнымі сродкамі. «Таксама мы вялікую стаўку робім на смарт-кантракты, таму што лічым, што за гэтым будучыня. Грошы павінны рухацца па пэўных правілах», — падкрэсліў ён.
Як паведамлялася, законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях лічбавага беларускага рубля» прыняты дэпутатамі ў першым чытанні. У праект закона ўключаны палажэнні, накіраваныя на вызначэнне прававой прыроды лічбавага беларускага рубля, які ўяўляе сабой новую (дадатковую) форму безнаяўных грошай, якія ў адрозненне ад існуючай формы ўлічваюцца не на банкаўскіх рахунках, а на лічбавых рахунках у Нацыянальным банку. Законапраектам прадугледжана, што ўкараненне лічбавага беларускага рубля дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць кантролю дзяржавы за мэтавым расходаваннем бюджэтных сродкаў, павысіць патэнцыял інтэграцыі нацыянальнай плацежнай сістэмы з плацежнымі сістэмамі краін-партнёраў, пашырыць спосабы ажыццяўлення плацяжоў, уключаючы трансгранічныя, спрасціць правядзенне трансгранічных плацяжоў, а таксама забяспечыць высокі ўзровень захаванасці грашовых сродкаў суб’ектаў гаспадарання.






