Законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2027 год адобраны ў Савеце Рэспублікі
24 лістапада, Мінск . На пасяджэнні Савета Рэспублікі адобраны законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2027 год»,
Даходы рэспубліканскага бюджэту на 2027 год прагназуюцца ў аб’ёме каля 58,9 млрд рублёў. Расходы плануюцца ў суме каля 60,8 млрд рублёў. «Базавыя прыярытэты бюджэту застаюцца нязменнымі: сацыяльная сфера, аплата працы і ключавыя напрамкі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і праграмы дзейнасці ўрада», — адзначыў міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч.
Так, на сацыяльную сферу (з улікам мясцовых бюджэтаў) накіруюць 45,5 млрд рублёў, што на 10,5% больш, чым у 2026 годзе. Расходы на ахову здароўя вырастуць на 11,3%, на адукацыю — на 12%, на аплату працы работнікаў бюджэтнай сферы — амаль на 11%. На фарміраванне сямейнага капіталу прадугледжана больш за 280 млн рублёў. Захаваецца і адрасная падтрымка шматдзетных сем’яў, дзяцей-сірот, а таксама іншых катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
На развіццё галін нацыянальнай эканомікі будзе накіравана больш за 10 млрд рублёў, павялічацца асігнаванні на навуку, інавацыі, лічбавую трансфармацыю і падтрымку экспарту. Акрамя таго, расходы рэспубліканскага дарожнага фонду вырастуць на 11% — да 2,5 млрд рублёў.
Таксама члены Савета Рэспублікі адобрылі праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб перапісе насельніцтва». У новай рэдакцыі закона прадугледжваецца магчымасць запаўнення перапісных лістоў праз інтэрнэт, захаванне прывычных фарматаў апытання з дапамогай мабільных брыгад і стацыянарных участкаў, а таксама шэраг іншых змяненняў.
Акрамя таго, у Савеце Рэспублікі разгледжаны і адобраны законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб перавозцы небяспечных грузаў». Дакументам удакладняецца суб’ектны склад удзельнікаў перавозкі і падзяляюцца правы і абавязкі бакоў, размяжоўваюцца паўнамоцтвы па праверках цыстэрнаў. Таксама законапраектам уводзяцца патрабаванні да перавозкі грузаў павышанай небяспекі і кантролю іх перамяшчэння з прымяненнем навігацыйных устройстваў унутры краіны.
Фота Андрэя Сіняўскага





