За 35 дзён да юбілейнага фестывалю. У Віцебску стартаваў прэс-тур «Славянскага базару»
11 чэрвеня, Віцебск /Алеся Пушнякова . Да XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» засталося роўна 35 дзён. Журналісты прымаюць удзел у прэс-туры і знаёмяцца з навінкамі маючага адбыцца форуму мастацтваў,
Каля 50 прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх СМІ, блогераў прынялі ўдзел у акцыі па азеляненні тэрыторыі Летняга амфітэатра — галоўнай сцэнічнай пляцоўкі фестывалю. На клумбу разам высадзілі яркія кветкі, якія ўвойдуць у пік цвіцення якраз у час культурнага мерапрыемства, і кожны, хто прыклаў руку да добрай справы, зможа наведаць у ліпені сваіх «падапечных».
Таксама карэспандэнты прынялі ўдзел у адкрыцці сімвалічнага арт-аб’екта — фестывальнага календара. Ён размяшчаецца побач са спартыўнай пляцоўкай Летняга амфітэатра. Кожны дзень да 15 ліпеня на ім будзе весціся адваротны адлік да «Славянскага базару», і роўна ў 8.00 будуць перагортваць лісток календара.

Журналісты пабывалі і ў зале гледачоў Летняга амфітэатра. Генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі расказаў, што ў гэтым годзе тут практычна завершана мадэрнізацыя. «Мы зыходзілі з запыту гледачоў, якія неаднаразова гаварылі аб тым, што ў Летнім амфітэатры нязручна танцаваць, таму мы зрабілі адкідныя сядзенні, і цяпер запрашаем гасцей фестывалю не толькі паглядзець канцэрты, але і скарыстацца магчымасцямі нашай «танцпляцоўкі» для актыўнай публікі. Таксама абнавілі мы і дах над залай гледачоў, на ім з’явілася 600 светлавых кропак, якія стануць дапаўненнем светлавога рашэння кожнай канцэртнай праграмы», — адзначыў ён.
Фота Аляксандра Хітрова





