Узнагароды пераможцам нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года» ўручылі ў Мінску
20 лістапада, Мінск . Узнагароды пераможцам нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года» ўручылі ў Мінску,
Як адзначыў міністр эканомікі Юрый Чабатар, конкурс запатрабаваны, заявак паступае ўсё больш: у гэтым годзе рост у 1,6 раза ў параўнанні з мінулым годам.
Усяго на конкурс было пададзена 483 заяўкі. Пры вызначэнні пераможцаў улічваліся такія паказчыкі, як выручка ад рэалізацыі прадукцыі, рэнтабельнасць продажаў, экспарт тавараў і паслуг, сума выплачаных падаткаў, дадаткова створаныя рабочыя месцы і іншыя. «Адбор быў вельмі сур’ёзны. Крытэрыі захоўваюцца. Гэта перш за ўсё самастойная эфектыўная работа, сумленнасць у рабоце з дзяржавай: бізнес павінен быць з чыстай падатковай гісторыяй, укладам у эканоміку краіны», — сказаў міністр.
У выніку вызначаны 33 пераможцы ў пяці намінацыях: «Паспяховы старт», «Стабільны поспех», «Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці», «Эфектыўны бізнес у сферы паслуг», «Эфектыўны індывідуальны бізнес». «Характэрна, што амаль палавіна пераможцаў — жанчыны, — звярнуў увагу кіраўнік Мінэканомікі. — За кожным менеджарам, уласнікам стаіць калектыў. Таму мы сёння даём ацэнку не толькі самім прадпрымальнікам, але і іх калектывам, таму што яны ствараюць поспех сваім кампаніям».


Акрамя таго, звання «Ганаровы прадпрымальнiк» удастоены тры арганізацыі, прызнаныя пераможцамі нацыянальнага конкурсу другі год запар.
Міністр падкрэсліў, што малы і сярэдні бізнес адаптыўны, разам з дзяржавай рэагуе на ўсе выклікі, праблемы і перашкоды, актыўна ўносіць прапановы. Рэалізуецца дзяржаўная праграма па падтрымцы прадпрымальніцтва. Мінэканомікі працуе з Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, выбудоўваючы дакладную вертыкаль дапамогі бізнесу, у тым ліку ў рэгіёнах. Акрамя таго, шэраг ініцыятыў атрымалі падтрымку ад Банка развіцця і яго банкаў-партнёраў.


Узнагароджванне пераможцаў конкурсу «Прадпрымальнік года» прымеркавана да Беларускага тыдня прадпрымальніцтва, які праводзіцца з 16 па 20 лістапада. «Расце колькасць мерапрыемстваў, у бягучым годзе іх больш за 200. Але ключавое ў тым, што яны ахопліваюць не толькі Мінск і абласныя цэнтры, але і раённыя цэнтры, а таксама розныя слаі прадпрымальніцтва. Удзельнічалі ўсе — ад моладзі да людзей сярэбранага ўзросту», — зрабіў акцэнт Юрый Чабатар. Мерапрыемствы Беларускага тыдня прадпрымальніцтва аб’ядналі прадстаўнікоў органаў улады, бізнесу, інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, адукацыйных устаноў і ініцыятыўных грамадзян.
Захаваны традыцыйны фармат правядзення «кожны дзень — новы напрамак». У бягучым годзе акцэнты былі расстаўлены наступным чынам: першы дзень — стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы сярод моладзі, другі — інфраструктура падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Трэці дзень быў прысвечаны турыстычнаму напрамку, чацвёрты — дыялогу ўлады і бізнесу. А завяршыўся тыдзень традыцыйна ўшаноўваннем лепшых прадпрымальнікаў.
Фота Андрэя Сіняўскага






