Утварэнне беларускай дзяржаўнасці. Гісторык растлумачыў значнасць I Усебеларускага з’езда
Ігар Марзалюк. Скрыншот відэа БЕЛТА 26 жніўня, Мінск . Важнейшай задачай першага Усебеларускага з’езда, які быў скліканы ў 1917 годзе, стала стварэнне беларускай рэспублікі ў цесным саюзе з Савецкай Расіяй. Аб гэтым расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк у праекце БЕЛТА «Сапраўдная гісторыя. Лекцыі Ігара Марзалюка».
Ён адзначыў, што рэвалюцыйныя падзеі 1917 года Беларусь сустрэла як «нацыя на маршы». Размова ідзе аб тым, што да гэтага часу ўжо існаваў беларускі нацыянальны рух, а беларусы былі прадстаўлены не толькі сялянамі, але і інтэлігенцый і ваеннай элітай. «У той жа час рэальна існаваў партыйны беларускі рух. Важнейшай падзеяй 1917 года для нас усіх быў Усебеларускі з’езд, які прайшоў у Мінску. Менавіта тады, у снежні, на Усебеларускім з’ездзе беларусы дэкларавалі сваю важнейшую задачу: стварэнне беларускай рэспублікі ў цесным саюзе з Савецкай Расіяй, стварэнне свайго нацыянальнага дома», — падкрэсліў Ігар Марзалюк.
Правядзенне Усебеларускага з’езда было ўзгоднена з Саветам народных камісараў, з Уладзімірам Леніным і Іосіфам Сталіным. Аднак ён быў разагнаны мясцовымі бальшавікамі, у ліку якіх былі Аляксандр Мяснікоў і Вільгельм Кнорын. Прадаўжэнне з’езда было немагчыма, паколькі ў хуткім часе нямецкія войскі занялі Мінск. «Але мы павінны помніць вельмі важную рэч: беларускі народ ідэю аб беларускай дзяржаўнасці і праве быць адзіным цэлым у адным нацыянальным доме не забыў», — канстатаваў гісторык.
Пасля таго, як Усебеларускі з’езд разагналі, частка яго прадстаўнікоў паехала ў цэнтр. Быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят — Белнацкам, які меў вельмі шырокія паўнамоцтвы. «Наркам па справах нацыянальнасцей Сталін яшчэ да заняцця Мінска немцамі дастаткова жорстка патрабаваў ад мясцовых бальшавікоў аднавіць дзейнасць з’езда, але гэтага не адбылося, таму што, паўтару, Мінск быў заняты немцамі», — адзначыў Ігар Марзалюк.





