У музей ВАВ перадалі капсулу з пасланнем ветэранаў, якую адкрыюць у 2045 годзе
16 ліпеня, Мінск . У Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў час акцыі «Пісьмы нашчадкам. 100-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца» перададзена капсула часу з пасланнем ветэранаў для будучых пакаленняў,
Старшы афіцэр упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Сяргей Шохаў адзначыў, што акцыя прызначана паказаць жывую сувязь паміж пакаленнямі. «На жаль, усё менш жывых сведкаў той страшнай вайны, адыходзіць пакаленне ветэранаў. Мы не маем права забыць аб іх подзвігу», — падкрэсліў ён.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Фешчанка, які прымаў удзел у складанні паслання, падзяліўся яго зместам: «Словы патрыятычнага характару і пажаданні пакаленню, якое ідзе на змену нам. Беражыце здароўе замалада. Вызначайцеся са сваім прызваннем і мэтанакіравана, упэўнена ідзіце па выбраным шляху і абагачайцеся. Чым багацей будзеце вы, тым багацей будзе краіна».
Гэта пасланне будзе раскрыта 9 мая 2045 года, у дзень стогадовага юбілею Вялікай Перамогі. 
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце музея гісторыі ВАВ Рыма Рум сказала, што для музея вялікі гонар удзельнічаць у гэтай эстафеце памяці. «Гэта наша місія. Галоўная задача музея — захоўваць памяць і перадаваць наступным пакаленням», — адзначыла яна.
Прадстаўнік моладзі, першы сакратар Савецкай раённай арганізацыі БРСМ Мінска Дзмітрый Еўтух звярнуўся да равеснікаў: «На нашых плячах вялікі груз. Мы абавязаны захаваць памяць, гісторыю і імёны людзей, дзякуючы якім жывём пад ясным небам».
Фота Віталя Піваварчыка






