У Брэсце стартавала міжнародная міжпартыйная канферэнцыя
28 мая, Брэст . У Брэсце 28 мая стартавала ІІ Міжнародная міжпартыйная канферэнцыя «Дзяржаўны суверэнітэт і прынцыпы міжнародных адносін ва ўмовах шматпалярнасці і разнастайнасці ў XXI стагоддзі»,
Канферэнцыя аб’яднала прадстаўнікоў партый з Беларусі і іншых краін. У Брэст прыехалі ўдзельнікі з Азербайджана, Венесуэлы, Германіі, Зімбабвэ, Казахстана, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Кубы, Лаоса, Малдовы, М’янмы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана. Іх калегі з Сербіі і Славакіі падключыліся да дыскусіі ў рэжыме анлайн.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам канферэнцыі прывітальны адрас. Яго зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.
Прадстаўнікі беларускіх і замежных партый сабраліся, каб абмеркаваць актуальныя тэмы. У час пленарнага пасяджэння эксперты падзеляцца меркаваннямі ў пытаннях умацавання суверэнітэту, рэгіянальнага партнёрства, развіцця міжнародных адносін, аб ролі палітычных партый і грамадскіх рухаў у гэтых працэсах.
Першы дзень канферэнцыі пачаўся з цырымоніі ўскладання кветак да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». Прысутныя ўшанавалі памяць герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Праграма форуму таксама прадугледжвае падпісанне міжнародных дагавораў. Замежныя госці наведаюць «вёскі будучыні», пабываюць на некаторых прадпрыемствах, азнаёмяцца са славутасцямі Беларусі.
Фота Віялеты Южаковай





