У Беларусі вызначаны патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў
Фота з архіва Нацыянальнага агенцтва па турызме 21 кастрычніка, Мінск . Нацыянальнае агенцтва па турызме вызначыла прафесійныя і этычныя патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Гэта прадугледжана пастановай ведамства ад 15 кастрычніка 2026 года №8, якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, .
У іх ліку — абавязак захоўваць пры правядзенні экскурсій абмежаванні, устаноўленыя заканадаўствам, мець пры сабе бэйджы або іх дублікаты. Дзейнасць павінна грунтавацца на прынцыпах законнасці, кампетэнтнасці, справядлівасці і добрасумленнасці, павагі да дзяржаўных сімвалаў краіны, гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурных і духоўных традыцый і інш.
Таксама экскурсаводам і гідам-перакладчыкам трэба фарміраваць уяўленне пра Беларусь як пра краіну, прывабную для турыстаў, экскурсантаў, не дапускаць суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў, прымаць меры па недапушчэнні такіх выказванняў або дзеянняў з боку турыстаў, экскурсантаў. Людзі, якія праводзяць экскурсіі, павінны валодаць неабходным для гэтага аб’ёмам ведаў і прафесійных навыкаў, уключаючы веды па гісторыі, этнаграфіі, культуры, эканоміцы, прыродна-геаграфічных асаблівасцях, унутранай і знешняй палітыцы, актуалізаваць атрыманыя веды для своечасовага абнаўлення тэкстаў экскурсій, садзейнічаць павышэнню прававой, палітычнай, асабістай культуры і сацыяльнай адказнасці турыстаў, экскурсантаў.
Акрамя таго, трэба ведаць асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы, укараняць напрамкі ідэалагічнай работы ў сваёй прафесійнай дзейнасці, садзейнічаць умацаванню станоўчага міжнароднага іміджу краіны, прызнанню ўнікальнасці беларускай мадэлі грамадскага развіцця.
Яшчэ адно патрабаванне — прытрымлівацца агульнапрынятых этычных норм, падтрымліваць гонар і годнасць сваёй прафесіі, а таксама асабістыя гонар і годнасць. Трэба выконваць агульнапрынятыя санітарна-гігіенічныя нормы, мець акуратны знешні выгляд, выключаць любыя формы правакацыі ў адзенні і знешнім абліччы, праяўляць талерантнасць і такт да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, культур, традыцый, поглядаў і перакананняў.
Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі не павінны дапускаць дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак або выяўляюцца ў яўнай непавазе да грамадства, забяспечваць беражлівае стаўленне людзей да навакольнага асяроддзя, турыстычных аб’ектаў.
Таксама важна падтрымліваць паважлівыя адносіны з турыстамі, экскурсантамі, прадстаўнікамі суб’ектаў туріндустрыі, іншымі служачымі, занятымі ў гэтай галіне, службовымі асобамі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, не дапускаць некарэктных паводзін, агрэсіі, негатыўных ацэнак, абразы, паклёпу і інш.
Таксама замацаваны абавязак каардынаваць паводзіны турыстаў, экскурсантаў пры надзвычайных сітуацыях або іншых непрадбачаных абставінах, паведамляць кіраўніку суб’екта турыстычнай дзейнасці або іншай арганізацыі, якая прыцягнула экскурсавода, гіда-перакладчыка, аб узнікненні такіх сітуацый, выклікаць пры неабходнасці прадстаўнікоў экстранных службаў.
Пры пагаршэнні стану здароўя турыстаў, экскурсантаў або атрыманні імі траўмаў у час правядзення экскурсій трэба паведаміць аб гэтым кіраўніку, а таксама арганізаваць аказанне першай медыцынскай дапамогі. Патрабуецца выключаць правядзенне экскурсіі ў нецвярозым стане або пад уздзеяннем наркотыкаў, а таксама прымаць меры па недапушчэнні ўдзелу ў экскурсіі людзей у такім стане або з праяўленнямі агрэсіі.
Таксама ў ліку патрабаванняў — якаснае правядзенне экскурсій па тэмах, па якіх пройдзена атэстацыя, узгадненне змяненняў у праграме экскурсіі з суб’ектам турыстычнай дзейнасці, калі экскурсійнае абслугоўванне з’яўляецца часткай комплексу турыстычных паслуг. Пры правядзенні экскурсіі гіду-перакладчыку трэба забяспечваць пераклад тэксту экскурсіі на замежную мову або з замежнай мовы без скажэння сэнсу перакладаемага тэксту.
Выкарыстоўваць мабільны тэлефон у час экскурсіі можна толькі для вырашэння пытанняў, звязаных з работай. Акрамя таго, уведзены абавязак даводзіць да вадзіцеля транспартнага сродку маршрут падарожжа, выключыўшы ўказанні, якія супярэчаць заканадаўству або ствараюць пагрозу бяспецы, з’яўляцца па запрашэнні атэстуючага органа ва ўстаноўлены тэрмін і даваць тлумачэнні па пытаннях сваёй дзейнасці, а пры немагчымасці прыбыць у назначаны час у пісьмовай форме паведаміць аб гэтым з пазначэннем прычыны.
Таксама дакументам устаноўлены формы квітанцыі на экскурсійныя паслугі.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 24 верасня 2026 года.






