У Беларусі расце спажыванне АІ-95
Фота з архіва 28 чэрвеня, Мінск . У Беларусі назіраецца тэндэнцыя росту аб’ёмаў спажывання 95-га бензіну. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ расказаў начальнік упраўлення забеспячэння вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі цэнтральнага апарату «Беларуснафты» Валерый Атрошчанка, .
«Паліва на заправачных станцыях і складах захоўвання ў дастатковай колькасці. Усе заяўкі ад нафтаперапрацоўчых заводаў выконваюцца ў адпаведнасці з графікам», — запэўніў Валерый Атрошчанка.
Асноўная доля рэалізацыі прыпадае на дызельнае паліва (каля 55 працэнтаў). Следам ідуць аўтабензіны (40 працэнтаў), яшчэ 5 працэнтаў — аўтамабільны прапан-бутан. «Цяпер назіраецца тэндэнцыя зніжэння 92-га бензіну (каля 6 працэнтаў) і росту аб’ёмаў спажывання 95-га бензіну (на 10 працэнтаў). Гэта паказвае тэндэнцыю пераходу аўтааматараў на высокаактанавыя бензіны», — адзначыў прадстаўнік «Беларуснафты».
Паводле яго слоў, рост спажывання паліва на АЗС звязаны з традыцыйным сезонным попытам. «Мы да яго гатовы. Калі на пэўных станцыях узрастае аб’ём спажывання, адпаведна завозіцца своечасова паліва, каб прадаставіць бесперабойнае забеспячэнне палівам нашых кліентаў», — сказаў Валерый Атрошчанка.
Ён дадаў, што акрамя беларусаў на АЗС запраўляюць свой транспарт замежныя госці. «На сённяшні дзень ніякіх абмежаванняў, лімітаў на прыгранічных заправачных станцыях або на іншых аб’ектах няма. Паліва ў свабодным доступе ў неабходнай колькасці», — рэзюмаваў начальнік упраўлення.






