Вопыт БелАЭС па развіцці культуры бяспекі прадставяць на маладзёжным форуме ў Калужскай вобласці
Фота прэс-службы офіса дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі Навіны сюжэта «Беларуская АЭС найноўшага пакалення 3+» БелАЭС — грандыёзнае збудаванне і высокатэхналагічны праект, якім краіна ганарыцца — Качанава Плануем, што трэці энергаблок БелАЭС будзе падобны па праекце да першых двух — гендырэктар станцыі 12 ліпеня, Мінск . У Калужскай вобласці з 12 па 18 ліпеня праходзіць форум маладых спецыялістаў «Фарсаж-2026». У мерапрыемстве прымае ўдзел маладзёжны актыў Беларускай АЭС, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе краінавага офіса дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі.
Форум аб’яднаў маладых спецыялістаў і замежных студэнтаў з больш як 35 краін — СНД, Еўропы, Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. У час адукацыйных, інтэрактыўных і дыялогавых мерапрыемстваў яны абмяняюцца вопытам, абмяркуюць сумесныя ініцыятывы і праекты. У дыскусіях прымуць удзел выкладчыкі і эксперты ў сферы гуманітарных і тэхнічных дысцыплін. Галоўная тэма форуму — «Культура вытворчасці: будучае ў сучасным».
«Культура вытворчасці і культура бяспекі — важнейшыя элементы надзейнай і эфектыўнай работы атамных станцый. На Беларускай АЭС работа па гэтых напрамках пастаянна ўдасканальваецца: праводзяцца навучальныя курсы, семінары, маладзёжныя мерапрыемствы, накіраваныя на паглыбленне ведаў па пытаннях забеспячэння бяспекі і ролі кожнага супрацоўніка ў гэтым працэсе, развіццё лідарскіх якасцей і лепшых практык у сферы аховы працы. У час форуму ў нас ёсць добрая магчымасць абмеркаваць узаемадзеянне ў гэтых сферах, прадставіць вопыт Беларускай АЭС», — адзначыла інжынер-праграміст цэха сувязі БелАЭС, удзельнік форуму Наталля Руткоўская.
Форум маладых спецыялістаў «Фарсаж» — штогадовая камунікацыйна-адукацыйная пляцоўка, дзе маладыя прафесіяналы атрымліваюць новыя веды, абараняюць уласныя праекты і наладжваюць камунікацыі адзін з адным. Сваім вопытам і ведамі з удзельнікамі форуму дзеляцца вядучыя эксперты, вучоныя і топ-менеджары расійскіх і замежных арганізацый, што дае магчымасць выбудоўваць камунікацыі паміж рознымі пакаленнямі прафесіяналаў, фарміраваць экспертныя прафесійныя супольнасці. Арганізатарам форуму выступае Асацыяцыя грамадзян і арганізацый па садзейнічанні развіццю карпаратыўнай адукацыі «МАКО» пры падтрымцы Мінэнерга і Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі, урада Калужскай вобласці, Каардынацыйнага савета пры Грамадскай палаце Расійскай Федэрацыі па сеткавых супольнасцях. «Расатам» выступае партнёрам мерапрыемства.






