Верасень выканае норму па дажджах за тыдзень: сіноптыкі расказалі аб надвор’і на бліжэйшыя дні
21 верасня, Мінск . Беларусь накрые чарада дажджоў да канца тыдня. Аб гэтым расказалі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«На гэтым тыдні працэсамі надвор’я ў Беларусі будуць кіраваць вобласці паніжанага атмасфернага ціску. Калі сёння мы будзем знаходзіцца пад уплывам атмасферных франтоў ад заходнеатлантычнага цыклону з цэнтрам над поўначчу еўрапейскай тэрыторыі Расіі, то ўжо заўтра ўстановіцца мерыдыянальны тып цыркуляцыі і праз тэрыторыю нашай краіны пачнуць перамяшчацца паўднёвыя цыклоны. Актыўныя воблачныя віхры абумовяць моцныя ападкі, якія месцамі будуць суправаджацца моцным парывістым ветрам. І ўся гэта непагадзь будзе праходзіць на фоне паступлення халаднаватых паветраных мас, што створыць вельмі дыскамфортныя адчуванні. Відаць, у бліжэйшы час каварны план верасня заключаецца не толькі ў наступленні кліматычнай (устойлівы пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 15 градусаў у бок паніжэння) і астранамічнай восені (23 верасня — дзень асенняга раўнадзенства), але і выкананні месячнай нормы ападкаў (54 мм ападкаў). З гэтай прычыны на тыдні ў Беларусі ўстановіцца няўстойлівы характар умоў надвор’я», — расказалі ў Белгідрамеце.
«У бліжэйшыя суткі (22 верасня) паўднёвы цыклон, які перамяшчаецца з тэрыторыі Украіны на цэнтральныя рэгіёны краіны, абумовіць дажджы рознай інтэнсіўнасці ў большасці раёнаў. Ноччу па ўсходзе, а днём у многіх раёнах краіны дажджы будуць дасягаць моцных крытэрыяў. Пры актыўным развіцці атмасферных працэсаў у дзённыя гадзіны месцамі ападкі будуць суправаджацца навальніцамі і ўзмацненнем ветру з парывамі 15-18 м/с. У сувязі з неспрыяльнымі гідраметэаралагічнымі з’явамі (моцныя дажджы) на 22 верасня (аўторак) аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. 23 верасня (серада) умовы надвор’я ў краіне па-ранейшаму будзе вызначаць маларухомы цыклон, а 24 верасня (чацвер) чакаецца выхад чарговага паўднёвага цыклону, уплыў атмасферных франтоў ад якога будзе адчувальным на працягу гэтага тыдня. У сувязі з гэтым да канца тыдня захаваецца дажджлівае і ветранае надвор’е. Разам з тым з прычыны адвекцыі паветранай масы паўночных шырот тэмпературны фон панізіцца і ў начныя гадзіны стане вагацца ад 3 да 12 градусаў цяпла, а днём будзе знаходзіцца ў дыяпазоне ад 9 да 18 градусаў вышэй за нуль, толькі 27 верасня (нядзеля) месцамі па поўдні паветра прагрэецца да 20 градусаў. У начныя і ранішнія гадзіны ў вільготным паветры ў асобных раёнах краіны будуць згушчацца непрацяглыя туманы», — падзяліліся прагнозам сіноптыкі.
У аўторак, 22 верасня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, ноччу па ўсходзе, днём у многіх раёнах чакаюцца моцныя дажджы. Днём месцамі прагрымяць навальніцы і прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-18 м/с. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 6-12 градусаў цяпла, днём — плюс 10-16 градусаў.
У сераду, 23 верасня, часам дажджы, ноччу месцамі па краіне пройдуць моцныя дажджы. Ноччу ў асобных раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-18 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 5-10 градусаў вышэй за нуль, днём — плюс 9-16 градусаў.
У чацвер, 24 верасня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, месцамі чакаюцца моцныя дажджы. У асобных раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 5-10 градусаў цяпла, днём — плюс 9-15 градусаў.
У пятніцу, 25 верасня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, месцамі чакаюцца моцныя дажджы. У асобных раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 5-11 градусаў цяпла, днём — плюс 10-17 градусаў.
У суботу, 26 верасня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, днём месцамі магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ноччу складзе 4-10 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе ад плюс 9 градусаў па паўночным захадзе да плюс 18 градусаў па поўдні.
У нядзелю, 27 верасня, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 6-11 градусаў цяпла, месцамі — плюс 3-5 градусаў. Днём будзе 11-17 градусаў вышэй за нуль, па поўдні месцамі — да плюс 20 градусаў цяпла.
Больш актуальнай і цікавай інфармацыі аб надвор’і глядзіце ў праграме АНТ «Метэагід» на videobel.by.






