«Васільковы тур» легендарнага «Славянскага базару» стартаваў з Гомеля
13 чэрвеня, Гомель . Канцэртна-забаўляльная праграма «Васільковы тур» перад юбілейным, 35-м сезонам легендарнага Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» стартавала ў Гомелі,
Так, «Славянскі базар» упершыню выйшаў за рамкі Віцебска і паўночнага рэгіёна ў цэлым. Ідэя «Васільковага туру» ляжала на паверхні, падкрэсліла кіраўнік прэс-службы фестывалю Марыя Вайцяхоўская. «Калі, як не ў юбілейны год, яе рэалізоўваць? Таму мы вырашылі падзяліцца атмасферай віцебскага фестывалю з усімі абласнымі цэнтрамі. Хочацца перадаць тое, як мы бачым фестываль, як мы яго любім і разумеем, колькі ў ім цікавага. Калі была б магчымасць кожнаму данесці, уразіць, зарадзіць, мы гэта зрабілі б», — адзначыла яна.
«Мы хочам прывезці ў кожны абласны горад тыя эмоцыі і настрой, за якімі тысячы людзей штогод прыязджаюць на фестываль у Віцебск. Гомель удастоены стаць першым у гэтым маршруце і атрымаў гэтыя эмоцыі. А тыя, хто плануюць прыехаць на «Славянскі базар» у ліпені, змаглі зарадзіцца настроем перад «фестывалем». Праграму «Васільковага туру» прадумвалі так, каб кожны знайшоў нешта цікавае для сябе, а таксама максімальна прэзентаваць разнастайнасць праектаў. Бо фестываль — гэта не толькі канцэрты, але і тэатральныя мерапрыемствы, выставы, адукацыйныя праекты і інш.», — расказаў выканаўчы дырэктар фестывалю Андрэй Карпаў.
Прэзентацыя новага праекта Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пад апладысменты гасцей і ўдзельнікаў адбылася ў месцы, дзе нараджаюцца новыя таленты на музычным небасхіле — Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Сакалоўскага. Тут прайшла сустрэча прадстаўнікоў Цэнтра культуры «Віцебск», пастановачных груп, артыстаў у форме адкрытага дыялогу з творчай інтэлігенцыяй, а таксама прэзентацыя перасовачнай фотавыставы, прысвечанай фестывалю.
Фотавыстава «35 імгненняў фестывалю» — гісторыя фестывалю ў кадрах. Гэта ўнікальны сумесны праект дырэкцыі фестывалю і галоўнага інфармагенцтва краіны БЕЛТА. У чорна-белых і каляровых кадрах — эмоцыі, зоркі, імгненні.






«Фестывальны квіз» — віктарына аб гісторыі «Славянскага базару ў Віцебску» — прымусіла падумаць самых верных паклоннікаў фэсту. Некалькі каманд успаміналі, як выглядае галоўны прыз «Славянкі», хто з’яўляецца абсалютным рэкардсменам па колькасці выступленняў на фестывальнай сцэне і інш. Лепшым знаўцам — брэндзіраваныя прызы.

Гамяльчанін Антон Плескі марыць аднойчы апынуцца ў фестывальным Віцебску, пакуль жа «Васільковы тур» дазволіў яму наблізіцца да мары. «З самага дзяцінства глядзеў трансляцыі «Славянскага базару». Вельмі цікава паназіраць за рознымі культурамі, асаблівасцямі і развіццём фестывалю. А цяпер і ў Гомелі можна дакрануцца да «Славянкі» і паўдзельнічаць у розных праектах, стаць яго часцінкай і атрымаць задавальненне. Вядома, хацеў бы і на свае вочы ўбачыць, як усё адбываецца ў Віцебску», — падзяліўся навучэнец другога курса па акадэмічных спевах каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага.
Творчую праграму ў 18.00 прадоўжыць дзейства на набярэжнай ракі Сож у цэнтральным парку. Заявіць пра сябе змогуць мясцовыя таленты ў фармаце «Фестывальнае караоке з зоркай». А выстава-продаж «Васільковы кірмаш» акуне ў атмасферу сапраўднага беларускага кірмашу з сувенірамі, рамёствамі і пачастункамі.
Маршрут «Васільковага туру» далей ідзе ў Магілёў (19 чэрвеня), Мінск (20 чэрвеня), Гродне (9 ліпеня) і Брэст (10 ліпеня). Арганізатары запрашаюць далучыцца да яго, бліжэй пазнаёміцца з брэндавым фестывалем не толькі Віцебска, але і ўсёй Беларусі, адчуць атмасферу культурнага свята, дэвіз якога «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» і так стаць часткай вялікай фестывальнай гісторыі непасрэдна ў родным горадзе.
Арганізатары не выключаюць, што праект «Васільковы тур» стане традыцыйным.
Фота Марыны Васільевай






