«Важна быць крыху псіхолагам». Праваднік поезда аб пасажырах, дарозе і прафесіі
Навіны сюжэта «Праект «Беларусы ў кадры» на YouTube-канале БЕЛТА» «Некаторыя рэчы па-чалавечы шакіруюць». Кіраўнік атрада «Анёл» аб пошуках людзей, выгаранні і навічках у камандзе Прыйшла на два тыдні, засталася на 25 гадоў. Дырэктар гаспадаркі пра кар’еру, сям’ю і візіт Прэзідэнта За 20 гадоў работы правадніком 39-гадовая Кацярына Рамановіч сустракала розных пасажыраў, у тым ліку знакамітасцей. І да кожнага, упэўнена яна, важна ўмець знайсці свой падыход. Усяго за паўгадзіны да адпраўлення фірменнага поезда №2/1 Мінск — Масква «Беларусь», на якім не першы год ужо працуе Кацярына, даведаліся ў яе, як праходзіць жыццё ў вагоне, калі правадніку даводзіцца быць псіхолагам і чаму некаторыя людзі спецыяльна выбіраюць месца пад нумарам 13.
Тыдзень у рэйсах — шэсць дзён дома
Да адпраўлення фірменнага поезда застаецца няшмат часу. Пасажыры разыходзяцца па сваіх вагонах. Састаў пакідае Мінск у 22.20 і прыбывае ў Маскву ў 8.08. У зваротную дарогу кратаецца ў 22:22, і ў беларускай сталіцы ўжо раніцай у 7:26. У такім рэжыме Кацярына праводзіць тыдзень.
«За 20 гадоў работы я настолькі прывыкла да чыгуначнага рытму, што поезд стаў для мяне другім домам. Сем дзён у дарозе, затым шэсць выхадных — і зноў у дарогу. І так з году ў год. Але такі графік мне бліжэй, чым звычайная пяцідзёнка. У мяне быў вопыт работы 5/2 у час пандэміі, і тады я зразумела, што зусім нічога не паспяваю зрабіць за два дні адпачынку», — прызнаецца Кацярына, з усмешкай правяраючы білет у чарговага пасажыра. 
Кацярына жыве ў Оршы, таму перад рэйсам прыязджае ў Мінск. Яе рабочы дзень пачынаецца задоўга да пасадкі пасажыраў. Спачатку — планёрка і інструктаж: начальнік поезда расказвае пра новаўвядзенні і нагадвае пра важныя моманты будучага адпраўлення. Калі на працягу тыдня з’яўляюцца змяненні, неабходныя звесткі праваднікі атрымліваюць ужо непасрэдна ў саставе. Затым трэба падрыхтаваць вагон: праверыць абсталяванне, пераканацца, што ўсё неабходнае на месцы, прывесці ў парадак купэ.
За два дзесяцігоддзі змяніліся і пасажыры, і вагоны
Цікавасць да чыгункі ў Кацярыны з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. Бацькі часта бралі дачку ў паездкі, а прыкладам стала цётка — выпускніца чыгуначнага тэхнікума, якая доўгі час працавала начальнікам станцыі. Пасля дзявятага класа Кацярына паступіла ў Аршанскі тэхнікум чыгуначнага транспарту (цяпер Аршанскі каледж — філіял Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту) на спецыяльнасць «кіраванне рухам і арганізацыя перавозак», а затым скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт шляхоў зносін.
Свой першы рабочы дзень яна памятае да гэтага часу. «Гэта быў поезд Мінск — Еўпаторыя. Перад зменай вельмі перажывала: як сустрэнуць пасажыры, ці спраўлюся са сваімі абавязкамі, — успамінае Кацярына. — У тым рэйсе зразумела, што самым складаным аказалася нават не сама работа, а разлука з домам. Вельмі цягнула да бацькоў. Але з часам, вядома, прывыкла».
Першыя гады Кацярына працавала на летніх напрамках. Затым паспяхова здала экзамены і атрымала права абслугоўваць фірменны поезд Мінск — Масква. Менавіта гэты маршрут стаў для яе пастаянным.
У праваднікоў фірменнага поезда самы высокі, 6-ы разрад. Адбор на такую вакансію сур’ёзны і складаецца з некалькіх этапаў. Кандыдаты праходзяць гутарку і стажыроўку. Атрыманую кваліфікацыю ў далейшым неабходна пацвярджаць кожныя два гады. Пры гэтым патрабаванняў да росту, вагі або іншых знешніх параметраў няма. Галоўнае — прафесійныя якасці, акуратнасць і здольнасць добра выконваць сваю работу. 
«Цяпер для мяне няма нічога складанага ў рабоце, — адзначае праваднік. — Усё ж такі вопыт дае аб сабе знаць. Вядома, за два дзесяцігоддзі змяніліся і пасажыры, і самі вагоны. Паязды сталі больш сучаснымі, абнавіліся інтэр’еры, з’явіўся Wi-Fi. Цяпер у нас прыгожа і ўтульна — амаль як дома. Некалі ў купэ былі тэлевізары, але цяпер ад іх адмовіліся — яны не карысталіся попытам. У кожнага ж ёсць смартфон, планшэт або ноўтбук. А вось той самы падшклянак захаваўся. Вядома, самі шклянкі ўжо не тыя, гранёныя, а іншыя — з лагатыпам «Беларусь». Але сама традыцыя нікуды не знікла. Як гэта — праехаць у поездзе і не выпіць чаю з фірменнай шклянкі? Ды яшчэ і фота на памяць не зрабіць?»
У гэты момант Кацярына працуе ў вагоне СВ, дзе ўсяго 20 месцаў. Здавалася б, пасажыраў няшмат, але ўвага патрабуецца кожнаму. За гэтыя гады праваднік навучылася адчуваць настрой людзей і разумець, калі чалавеку хочацца пагаварыць, а калі лепш яго не турбаваць.
«Аднаму важна дапамагчы заказаць вячэру з вагона-рэстарана, другі просіць разбудзіць да вызначанага часу. Нехта мае патрэбу ў дапамозе з багажом, а некаму проста хочацца пагаварыць, — пералічае Кацярына. — Пасажыры з Расіі часта цікавяцца, што паглядзець у Беларусі, якія стравы паспытаць. А на зваротнай дарозе ўжо дзеляцца сваімі ўражаннямі. Адзін расказвае пра санаторый, у якім адпачыў, другі — пра прагулкі па горадзе і новыя знаёмствы. Гэта своеасаблівы абмен энергіяй: ты дорыш пасажыру цеплыню, а ўзамен атрымліваеш новыя ўражанні, гісторыі і веды».
Купэ ў СВ разлічана на двух пасажыраў. Пры жаданні яго можна выкупіць цалкам — напрыклад, калі чалавек жадае ехаць адзін.
«Пасажыры часта падарожнічаюць з сабакамі, кошкамі. Да чатырохногіх сяброў мы ставімся спакойна: галоўнае, каб выконваліся правілы. Многія перажываюць, як гадаванец перанясе дарогу, асабліва калі гэта яго першая паездка. Таму стараемся супакоіць, падказаць, як лепш размясціць жывёлу, каб усім было камфортна», — гаворыць праваднік.
Дарэчы, у начных рэйсах у Кацярыны ёсць законнае права на 3,5-гадзінны адпачынак. У гэты час яе абавязкі выконвае калега.
«Мой арганізм настолькі прывык да чыгуначнага графіка, што я спакойна засынаю і ноччу, і днём. Пасля рэйса сон — самае неабходнае. У Мінску ў нас ёсць пакой адпачынку, дзе можна аднавіць сілы, прыняць душ, паесці, памыць і пагладзіць адзенне. У Маскве мы адпачываем непасрэдна ў вагоне», — расказвае Кацярына. 
Рабочая змена ў правадніка не заканчваецца з высадкай пасажыраў. Пасля прыбыцця поезда пачынаецца прыбіранне вагона і падрыхтоўка да наступнага рэйса.
Часта на сняданак просяць дранікі
У кошт білета фірменнага поезда ўваходзіць сняданак. У меню — дранікі, сырнікі, грэцкая каша з гуляшом, філе кураня з макаронамі і сырам, а таксама вегетарыянскія стравы.
«Самыя папулярныя, вядома, дранікі. Іх часта заказваюць нават у сем раніцы, таму што яны сапраўды смачныя», — дзеліцца назіраннямі Кацярына.
Дарэчы, правадніку важна ведаць не толькі асартымент, але і асаблівасці страў. Пасажыры нярэдка пытаюцца парады, і тут патрэбны сумленны адказ.
Калі чалавек хоча паспаць даўжэй, гарачы сняданак можна ўзяць з сабой. Прадугледжаны і сухі паёк: чыябата з індычкай, ёгурт, сок, шакаладны батончык, пячэнне і арэхі. Некаторыя аддаюць перавагу менавіта такому варыянту.
СВ для артыстаў — гэта час у цішыні
За гады работы Кацярына сустрэла нямала вядомых пасажыраў. Сярод іх — артысты, палітыкі, бізнесмены. У розныя гады ў яе вагоне падарожнічалі Ларыса Доліна, Кацярына Гусева, Мікіта Калагрывы, Валерый Кіпелаў, акцёры серыяла «Сваты». 
«Як правіла, яны не вельмі гаваркія. Звяртаюцца толькі па справе і больш адпачываюць. У артыстаў шчыльны графік, таму поезд для іх — магчымасць спакойна даехаць да месца назначэння, час, які можна правесці ў цішыні», — тлумачыць праваднік.
Асабліва запомнілася нашай гераіні актрыса Кацярына Гусева: «Да гэтага я ведала яе толькі па фільмах і серыялах. Калі ўбачыла яе ў сваім вагоне, то вельмі ўзрадавалася. Прыгожая, інтэлігентная і спакойная жанчына. Экран, як аказалася, перадае далёка не ўсё».
Ларыса Доліна, успамінае праваднік, таксама паводзіла сябе вельмі сціпла і амаль не пакідала купэ. А вось пра маладых знакамітасцей Кацярыну часцей распытвае яе 16-гадовая дачка Аліна.
«Ёй цікава, якія яны ў жыцці, а не ў роліках TikTok. Пытаецца, як сябе паводзілі, што заказвалі на сняданак, аб чым гаварылі. Для яе гэта сапраўднае закуліссе: мама расказвае, як чалавек, якога прывыклі бачыць на экране, паводзіць сябе ў звычайнай паездцы — без камер, сцэны і прывычнага вобраза», — усміхаецца Кацярына.
Зрэшты, сама яна даўно ўспрымае знакамітых людзей гэтак жа, як і ўсіх астатніх: «Работа вучыць перш за ўсё бачыць у пасажыры чалавека. Незалежна ад таго, вядомы ён ці не». 
Агульнае ўражанне ад дарогі складаецца з дробязей
Прафесія правадніка толькі з боку здаецца рамантычнай: дарога, новыя гарады, начныя паязды, цікавыя знаёмствы. На справе за гэтай прыгожай карцінкай — вялікая адказнасць і пастаянныя стасункі з людзьмі.
«Праваднік павінен быць дысцыплінаваным, уважлівым, акуратным, працавітым і камунікабельным, — упэўнена Кацярына. — Трэба ўмець захоўваць спакой, нават калі пасажыр нервуецца, спазняецца або нечым незадаволены. І быць гатовай да таго, што кожны дзень побач дзясяткі розных людзей. У кожнага свой характар, настрой і ўяўленне аб тым, якой павінна быць ідэальная паездка. За 20 гадоў працы Кацярына пераканалася: адной вынослівасці ў гэтай прафесіі недастаткова.
«З часам разумееш, што трэба любіць людзей, шукаць да іх падыход, захоўваць спакой у любой сітуацыі. І проста добрасумленна рабіць сваю работу», — падкрэслівае яна.
Часам даводзіцца дапамагаць вырашаць спрэчныя сітуацыі. І тут трэба быць яшчэ і псіхолагам.
«Здараецца, што сямейная пара ў апошні момант купляе білеты на розныя месцы і просіць дапамагчы размясціцца ў адным купэ. Мы звяртаемся да пасажыраў, прапануем памяняцца. Але прымусіць перасесці мы не можам, — тлумачыць Кацярына. — Часам прычынай адмовы становіцца нават нумар месца. Ёсць людзі, якія спецыяльна выбіраюць месца з нумарам 13 і ні за што не хочуць мяняцца. Гавораць, яно для іх шчаслівае. І гэта права пасажыра». 
Нейкія сур’ёзныя здарэнні ў дарозе, якія адбыліся за гады працы, Кацярына не прыгадвае. Часам здараюцца затрымкі саставу з-за непагадзі або дзікіх жывёл, якія раптам апынуліся на пуцях. Але такія сітуацыі даволі хутка вырашаюцца.
У прафесіі, дзе кожны дзень даводзіцца працаваць з дзясяткамі людзей, асабліва цэніцца простая ўдзячнасць.
«Самае прыемнае — бачыць задаволенага чалавека і чуць добрыя словы, — усміхаецца субяседніца. — Ён можа не запомніць прозвішча правадніка, які заслаў пасцель, прынёс сняданак або разбудзіў перад прыбыццём. Але ён абавязкова запомніць саму паездку: ці было яму камфортна, ці ўдалося выспацца, ці дапамаглі вырашыць пытанне, што ўзнікла. Менавіта з такіх дробязей і складваецца агульнае ўражанне ад дарогі».
Кацярына прызнаецца, што не раз задумвалася аб змене прафесіі. Часцей за ўсё такія думкі ўзнікалі з-за стомленасці. Але варта было адпачыць, і яны праходзілі самі сабой.
«Дома жыццё зусім іншае. У свабодныя дні стараюся больш часу праводзіць з сям’ёй, сустракацца з сябрамі. Люблю адпачываць на прыродзе. Напэўна, таму асабліва цаню свае выхадныя: пасля тыдня ў дарозе хочацца цішыні, спакою. А потым зноў з’яўляецца жаданне адправіцца ў чарговы рэйс», — гаворыць яна. 
Дарэчы, у гэтым годзе Кацярына атрымала ўжо трэці дыплом — скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «сацыяльная камунікацыя ў дзяржаўным кіраванні».
«Гэтыя веды спатрэбяцца і ў маёй цяперашняй рабоце. Паколькі ўменне чуць людзей, размаўляць з імі і знаходзіць агульную мову для правадніка — не проста карысны навык, а частка прафесіі», — упэўнена наша гераіня.
Юлія МІШЧАНКА,
фота Яраслава ЗАРЭЦКАГА.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.




