Турчын ацаніў на Брэсцкім мясакамбінаце перспектывы нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці
20 лістапада, Брэст . Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын 20 лістапада наведвае ААТ «Брэсцкі мясакамбінат». Ён азнаёміўся з сітуацыяй на прадпрыемстве і ацаніў перспектывы пашырэння вытворчасці. З кіраўніком урада працуюць старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі,
Аляксандр Турчын наведаў шэраг цэхаў. Ключавыя пытанні — пашырэнне вытворчасці і дыверсіфікацыя рынкаў збыту. На прадпрыемстве перапрацоўваюць сельскагаспадарчую сыравіну, вырабляюць больш за 500 найменняў прадукцыі. Сыравінная база складаецца з 57 гаспадарак, размешчаных у сямі раёнах Брэсцкай вобласці. Трэць прадукцыі пастаўляецца на экспарт.
Няспынна ўліваюцца інвестыцыі ў мадэрнізацыю вытворчых працэсаў: ад сыравіннага забеспячэння да сучасных ліній па перапрацоўцы. У комплексе гэтыя меры даюць магчымасць знізіць энергазатраты, скараціць сабекошт і павысіць канкурэнтаздольнасць на ўнутраным і знешніх рынках.
Генеральны дырэктар Брэсцкага мясакамбіната Павел Бухавецкі адзначыў, што мяняецца традыцыйная структура попыту. Пакупнікі ўсё больш аддаюць перавагу зручнай ежы, паўфабрыкатам, гатовай прадукцыі. «Паспяваем за трэндамі, прапаноўваем рынку новыя віды, — расказаў кіраўнік. — У нас сфарміраваны на 15 гадоў інвестыцыйныя праграмы. Распісана ўсё па гадах у рамках холдынга. На ўсіх чатырох пляцоўках ідзе шырокая мадэрнізацыя. Рыхтуемся да трэндаў, якія прысутнічаюць на рынку».






У прыватнасці, на кобрынскай пляцоўцы прадугледжана будаўніцтва новага цэха па вытворчасці гатовай і напаўгатовай ежы. У Брэсце — пашырэнне вытворчасці пельменяў і цэха паўфабрыкатаў. Рыхтуецца да рэканструкцыі Бярозаўскі мясакамбінат. Для загрузкі магутнасцей у Бярозаўскім раёне пачалося будаўніцтва свінакомплексу на 100 тыс. галоў. У вытворчы працэс планамерна ўкараняюцца перадавыя тэхналогіі. «Усё, што можна, мы зрабілі. А пры будаўніцтве новых прадпрыемстваў ужо ідзе практычна поўная аўтаматызацыя і рабатызацыя», — дадаў Павел Бухавецкі.
Кіраўнік дзяржавы нацэльвае беларускіх вытворцаў на больш глыбокую перапрацоўку для атрымання прадуктаў з большай дабаўленай вартасцю. Спецыялісты шукаюць новыя тэхналогіі, спосабы і рэцэпты для пашырэння лінейкі прадукцыі.
«Ідэі прадуктаў з’яўляюцца ў аддзеле маркетынгу, дзе вывучаюць густы спажыўцоў і даюць заданні бюро па распрацоўцы новых відаў. Мы ацэньваем нашы сыравінныя запасы. Маем перавагу, паколькі ў нас ёсць эксперыментальны цэх, які ўключае ў сябе міні-версіі абсталявання, што дазваляе распрацоўваць прадукты, не адрываючы асноўную вытворчасць ад выканання заявак. Працуем з рознымі пастаўшчыкамі ігрэдыентаў і матэрыялаў. Бясконца тэсціруем і выбіраем лепшы варыянт суадносін цана-якасць, каб распрацаваць прадукт, які спадабаўся б спажыўцу», — растлумачыла тэхнолаг Аліна Раманчук.
Фота Віялеты Южаковай






