Сумесны тэхнапарк, пастаўкі прадуктаў харчавання і лякарстваў: што Беларусь прапаноўвае М’янме
20 жніўня, Мінск . Прапановы па развіцці супрацоўніцтва Беларусі і М’янмы агучыў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын у час Беларуска-м’яманскага бізнес-форуму ў Мінску,
У ліку перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва — праекты ў аграпрамысловым комплексе і забеспячэнне харчовай бяспекі. «У бягучых умовах глабальнай канкурэнцыі асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць аграпрамысловаму комплексу. Забеспячэнне насельніцтва нашых краін якасным і даступным па цане харчаваннем з’яўляецца адным з пытанняў нацыянальнай бяспекі. Беларусь традыцыйна моцная ў гэтай сферы і гатова поўнасцю закрываць патрэбнасці рынку М’янмы ў якасным сухім малацэ, дзіцячым харчаванні, рапсавым алеі і сметанковым масле. У сваю чаргу беларускі рынак мае патрэбу ў шырокім спектры сельскагаспадарчых тавараў м’яманскай вытворчасці. З улікам дасягнутага ўзроўню адносін паміж нашымі краінамі мы зацікаўлены ў больш глыбокім і змястоўным фармаце супрацоўніцтва ў пытаннях харчовай бяспекі. У прыватнасці, прапануем М’янме на базе нашых тэхналогій ствараць уласную перапрацоўку. Можаце разлічваць на нашу дзейную падтрымку ў пытаннях выбудоўвання эфектыўнай вытворчасці ўнутры М’янмы», — сказаў Аляксандр Турчын.
Наступны напрамак — супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя і фармацэўтыкі. «Фармацэўтычны рынак М’янмы можа разлічваць на доступ да якасных і даступных па цане медыкаментаў беларускай вытворчасці. Гатовы нарошчваць пастаўкі нашых лекавых прэпаратаў і адначасова прапануем рухацца далей — пераходзіць да лакалізацыі іх вытворчасці ў М’янме. Праект па фасоўцы на м’янманскіх магутнасцях беларускіх лекавых балк-прадуктаў можа стаць першым крокам у гэтым напрамку. У прапрацоўцы ў бізнесу нашых краін знаходзіцца сацыяльна значны для М’янмы праект па арганізацыі зборкі перасовачных медыцынскіх комплексаў. Рэалізацыя гэтага праекта дапаможа вырашаць пытанне аб даступнасці медыцынскіх паслуг у аддаленых рэгіёнах М’янмы», — адзначыў прэм’ер-міністр.

Актуальна таксама ўзаемадзеянне ў галіне высокіх тэхналогій, навукі і падрыхтоўкі кадраў. «Рады таму, што ў гэтай сферы Беларусь і М’янма не абмяжоўваюцца дэкларацыямі, а пераходзяць да практычных крокаў, такіх як стварэнне сумеснага тэхнапарка ў Нейп’ідо. Ён прадугледжвае, у прыватнасці, сумесную распрацоўку тэхналагічных рашэнняў аб дыстанцыйным маніторынгу прыродных рэсурсаў. Праект амбіцыйны, але цалкам рэалізуемы. Імкненне кіраўніцтва М’янмы забяспечыць лічбавы суверэнітэт знаходзіць у нас поўнае разуменне. Беларусь гатова прапанаваць адпаведныя рашэнні на базе штучнага інтэлекту і камп’ютарнага зроку, якія прымяняюцца як у лічбавай эканоміцы, так і ў электронным урадзе», — падкрэсліў кіраўнік урада. 
Важны элемент супрацоўніцтва ў тэхналагічнай сферы — падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў. «Любыя тэхналогіі без прафесійна навучаных кадраў застануцца незапатрабаванымі. Таму Беларусь гатова забяспечыць падрыхтоўку на базе нашых вядучых навуковых і навучальных цэнтраў м’янманскіх інжынераў і навуковых спецыялістаў для інтэграцыі іх ва ўсе агучаныя праекты — ад зборкі трактароў да сумесных распрацовак у касмічнай сферы. Адкрыццё сумесных адукацыйных праграм у М’янме дасць магсымасць рыхтаваць запатрабаваных у эканоміцы спецыялістаў, забяспечваючы пераемнасць тэхналагічнага развіцця», — рэзюмаваў Аляксандр Турчын.

Фота Віталя Піваварчыка





