«Спорт — гэта крута». «Алімпійскі дзень» на стадыёне «Дынама» сабраў больш як 8 тыс. чалавек
28 чэрвеня, Мінск . На Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» завяршылася асноўная частка праграмы фіналу спартыўна-дабрачыннага праекта «Алімпійскі дзень у адным рытме з А1»,
У бягучым годзе «Алімпійскі дзень» прайшоў у новым фармаце. На працягу двух тыдняў усе жадаючыя маглі далучыцца да спартыўна-дабрачыннага праекта, ператварыўшы мінуты асабістых трэніровак у «мінуты дабра». Усе выручаныя сродкі будуць накіраваны на праграмы падтрымкі, рэабілітацыі і лячэння дзяцей з цяжкімі захворваннямі.
Фінал праекта сабраў у цэнтры сталіцы восем з паловай тысяч чалавек. НАК і нацыянальныя федэрацыі па відах спорту арганізавалі больш за 20 інтэрактыўных пляцовак. Мерапрыемства наведалі і вядомыя беларускія атлеты.
«Кожны, хто сёння прыйшоў на свята і актыўна правёў час, можна сказаць, ужо спартсмен. Гэта адна з нашых галоўных мэт і абавязкаў: сваім прыкладам паказваць, што спорт — гэта крута. Вельмі прыемна, што асабліва ў апошнія гады актыўны лад жыцця вядзе ўсё больш людзей», — сказала біятланістка Дзінара Смольская.
«Знакамітыя спартсмены прыцягваюць увагу як дарослых, так і дзяцей, якія глядзяць на нас палаючымі вачыма і захапляюцца яшчэ больш. Атрымалася цікавае і вельмі рознабаковае свята, дзе кожны мог паспрабаваць свае сілы ў многіх відах спорту», — адзначыў барэц Павел Глінчук.
Самыя актыўныя аматары спорту, якія сабралі больш за ўсё «мінут дабра», былі ўзнагароджаны падарункамі ад арганізатараў праекта. Праграму «Алімпійскага дня» на стадыёне «Дынама» завяршаюць выступленні артыстаў.
Фота Дзяніса Касцючэнкі, НАК — БЕЛТА






