Самавыгул небяспечны ў першую чаргу для здароўя гадаванца — эксперт
Навіны сюжэта «Праект «Краіна гаворыць»» Згубленыя чыпіраваныя жывёлы знаходзяцца на працягу сутак — эксперт Рэгістрацыя, фота, пошук уладальнікаў. Што адбываецца з жывёламі пасля адлову на Гурскага? 30 жніўня, Мінск . Самавыгул небяспечны ў першую чаргу для здароўя гадаванца. Аб гэтым у праекце БЕЛТА «Краіна гаворыць» заявіла заснавальнік мабільнага дыягнастычнага кабінета для гадаванцаў Алёна Усава.
Алёна Усава расказала, што каля паловы кліентаў яе мабільнага дыягнастычнага кабінета прыходзяць з чыпіраванымі гадаванцамі. «Бывае так, што ў жывёлы ёсць ветэрынарная кніжка, але паколькі чыпіраванне не абавязкова, уладальнікі і не ставяць чып. Вядома, я больш схіляюся да таго, што чыпіраванне неабходна, але ўсё ж такі мая пазіцыя такая, што не трэба даводзіць да таго, каб гадаванца было неабходна шукаць. Калі мы заводзім каго-небудзь, адказна ставімся, жывёла не павінна трапляць без уладальніка куды-небудзь. Напрыклад, на самавыгул. Ён небяспечны ў першую чаргу для здароўя гадаванца, таму што там, дзе шмат бяздомных, шмат і вірусных інфекцый. Гадаванец можа трапіць пад машыну, ёсць і іншыя небяспекі. Таму, так, чыпіраванне — гэта добра, але гэта мера прафілактыкі — на ўсялякі выпадак. Я сваю кошку чыпіравала ў 15 гадоў толькі на ўсялякі выпадак», — адзначыла яна.
Прыватная ветклініка на колах праводзіць часцей за ўсё прафілактычныя агляды. Паводле слоў заснавальніцы, ідэя ўзнікла з асабістага вопыту догляду 16-гадовай кошкі. «Я як уладальнік не ведала, як правільна клапаціцца аб пажылым гадаванцу. Дзякуючы сустрэчы з кваліфікаванымі ветэрынарамі я зразумела, што здароўе жывёл патрабуе комплекснага падыходу. Часта мы звяртаемся да ўрача толькі пры з’яўленні сімптомаў, напрыклад, слёзацёку, і атрымліваем лячэнне толькі гэтага сімптому. Я зразумела, што здароўе кошак і сабак аналагічнае чалавечаму: усе органы ўзаемазвязаны і для лячэння аднаго сімптому трэба ўлічваць стан усяго арганізма. Таму я навучылася даглядаць сваю кошку, каб яе жыццё было не толькі доўгім, але і якасным — без болю і пакут, пра якія гадаванец не можа сказаць. Так і нарадзілася ідэя стварэння мабільнага кабінета, дзе можна хутка і без стрэсу для жывёлы прайсці дыягностыку і атрымаць поўную карціну здароўя ў адным месцы», — падзялілася Алёна Усава.
Яна падкрэсліла, што гэта не проста бізнес. «Калі я пачынала як прадпрымальнік, думала, што ствараю бізнес, які патрэбны і мне, і маёй кошцы. Цяпер гэта стала часткай майго жыцця. Нават у выхадныя я правяраю сацсеткі, бачу праблемы са здароўем жывёл і адчуваю неабходнасць нешта зрабіць. Хоць мне важна, каб праект прыносіў прыбытак, таму што выгаранне — сур’ёзная праблема, калі працуеш на 100% без аддачы. Таму цяпер працуем над тым, каб, вядома, гэта быў яшчэ і бізнес», — паінфармавала заснавальнік.
Паводле яе слоў, моладзь дэманструе сапраўды адказнае валоданне гадаванцам. «Да нас звяртаецца шмат моладзі да 25 гадоў, іх вялікі працэнт нашых кліентаў. Новае пакаленне, на мой погляд, больш адказна заводзіць гадаванца і сочыць не толькі за тым, каб ён быў прыгожы і пародзісты. Да нас шмат звяртаюцца з гадаванцамі, якіх узялі з прытулку або знайшлі на вуліцы», — канстатавала Алёна Усава.
Гаворачы аб старэйшым пакаленні, яна таксама адзначыла станоўчыя тэндэнцыі. «Такія ўладальнікі гавораць, што раней ставіліся да свайго гадаванца прасцей, а цяпер у горадзе ёсць плакаты пра адказныя адносіны да жывёл, папулярызуецца неабходнасць вакцынаваць іх, праводзіць абследаванні. І яны пачынаюць па-іншаму ставіцца да жывёл», — дадала эксперт.
У мабільнага кабінета на гэты момант 67 картак жывёл — амаль 50 уладальнікаў ужо звярнуліся па ветэрынарную дапамогу для гадаванцаў. Пяць месяцаў ветклініка на колах выязджае па адрасах. Поўнае абследаванне займае каля паўтары гадзіны, рэзультаты выдаюцца на наступны дзень, ёсць магчымасць атрымаць анлайн-кансультацыю.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Фота Хрысціны Аксёнавай





