Першы рэспубліканскі конкурс «Навучэнец года» праходзіць у Беларусі
Фота з архіва 27 кастрычніка, Мінск . У Беларусі стартаваў рэспубліканскі конкурс «Навучэнец года — 2026», накіраваны на падтрымку таленавітай моладзі і прафесійную рэалізацыю навучэнцаў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў ЦК БРСМ.
Упершыню гэты конкурс аб’яднае навучэнцаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Удзельнікамі праекта стануць маладыя людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і інтарэсам да прафесійнага развіцця.
«Адметнай асаблівасцю першага сезона стане правядзенне фіналу конкурсу «Навучэнец года» адначасова з фіналам праекта «Студэнт года». Такі фармат дасць магчымасць узмацніць пераемнасць прафесійнага станаўлення моладзі — ад школьнай парты да маладога спецыяліста», — расказалі арганізатары.
Першы этап конкурсу пройдзе непасрэдна ва ўстановах адукацы і завершыцца да 31 кастрычніка 2026 года. Абласныя і Мінскі гарадскі этапы пройдуць у фармаце інтэрактыўных мерапрыемстваў і завершацца да 20 снежня. Па іх выніках вызначаць па пяць пераможцаў ад кожнай вобласці і Мінска.
Фінальны этап пройдзе ў лютым 2027 года. Арганізацыйны камітэт вызначыць 20 фіналістаў, якія пазмагаюцца за званне лепшага навучэнца краіны. У праграму фіналу ўвойдуць завочны конкурс-візітка «#ЯЭтоЯ» ў фармаце TikTok, конкурс ідэй «#КреативПроект», сцэнічныя выпрабаванні — самапрэзентацыя «#МояПрофессия#Мойстарт» і творчы конкурс «#ТвойВайб».
Арганізатарам праекта выступае ГА «БРСМ» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Ацэньваць канкурсантаў будзе журы, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі профільных ведамстваў, міністэрстваў і арганізацый. «Удзел у праекце стане для навучэнцаў магчымасцю заявіць аб сабе і зрабіць важны крок да паспяховай прафесійнай кар’еры», — адзначылі ў камітэце.
Дадатковую інфармацыю аб умовах удзелу і парадку падачы заявак можна атрымаць у Цэнтральным камітэце БРСМ.





