Пасол Казахстана: беларуская прадукцыя добра знаёма казахстанскім спажыўцам
Цімур Жаксылыкаў 3 чэрвеня, Мінск . Беларусь мае сур’ёзныя кампетэнцыі ў галіне жывёлагадоўлі, селекцыі, харчовай прамысловасці, сельгасмашынабудавання. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Казахстана ў Беларусі Цімур Жаксылыкаў на другім Беларуска-казахстанскім аграрным форуме, які праходзіць на пляцоўцы міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2026»,
Цімур Жаксылыкаў адзначыў, што форум становіцца традыцыйным. «Гэта добрая аснова, каб надаваць імпульс і ў гандлі, і ў інвестыцыях, і ў тэхналагічным супрацоўніцтве, якое паміж краінамі традыцыйна глыбокае», — сказаў пасол.
Паводле яго слоў, краіны шмат у чым адна адну дапаўняюць у галіне сельскай гаспадаркі. «Казахстан з’яўляецца адным з вядучых вытворцаў і экспарцёраў высакаякаснага пшанічнага зерня на еўразійскай прасторы. Беларусь валодае сур’ёзнымі кампетэнцыямі ў галіне жывёлагадоўлі, селекцыі, харчовай прамысловасці і сельгасмашынабудаванні. У нас складваецца дадатная дынаміка гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У мінулым годзе выйшлі на гістарычна найбольш высокія аб’ёмы тавараабароту паміж краінамі, казахстанскага экспарту, хоць усё яшчэ моцна адстаём ад аб’ёмаў беларускага імпарту ў Казахстан. Дынаміка прадаўжаецца ў гэтым годзе з тэмпам росту большым за 20 працэнтаў», — адзначыў Цімур Жаксылыкаў.
Ён дадаў, што АПК Казахстана апошнія гады ўстойліва развіваецца. Пашыраюцца пасяўныя плошчы, укараняюцца сучасныя тэхналогіі, расце глыбіня перапрацоўкі.
«Казахстан цяпер адыходзіць ад ролі пастаўшчыка сельгассыравіны. Імкнёмся максімальна перапрацоўваць прадукцыю, якую вырабляем. Будуюцца і хутка будуць уведзены ў эксплуатацыю вялікія комплексы па глыбокай перапрацоўцы пшаніцы, кукурузы. Ёсць дасягненні ў сферы перапрацоўкі малочнай прадукцыі, хоць дагэтуль вырабляем недастаткова. Добрыя тэндэнцыі ў сферы перапрацоўкі садавіны і агародніны. Гатовы пашыраць пастаўкі ў Беларусь алею, макаронаў, кандытарскіх вырабаў, рысу, пшанічнай мукі. Упэўнены, што тавары будуць запатрабаваны. У сваю чаргу прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў добра знаёма казахстанскім спажыцам. На паліцах яна займае дастойнае месца. Яе добра ведаюць», — расказаў пасол.
Ён дадаў, што ва ўзаемным гандлі прадукцыя сельскай гаспадаркі займае важнае месца. Значны патэнцыял ён бачыць у сумесных праектах у сферы перапрацоўкі сельгассыравіны.






