Парламентарыі Беларусі і Грузіі настроены на прадаўжэнне канструктыўнага дыялогу
31 жніўня, Мінск . Беларускія парламентарыі надаюць важнае значэнне развіццю і ўмацаванню адносін з Грузіяй, адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Грузіі ў Беларусі Гіёргі Саганелідзэ,
«Мы надаём важнае значэнне развіццю і ўмацаванню адносін з Грузіяй», — адзначыў Ігар Сергяенка.
Спікер нагадаў словы кіраўніка дзяржавы, сказаныя ў час уручэння даверчай граматы паслом, аб тым, што традыцыі дружбы і ўзаемнай павагі беларусаў і грузін, агульныя старонкі гісторыі з’яўляюцца трывалай асновай для аднаўлення паўнацэннага супрацоўніцтва краін.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што дзяржавы прадаўжаюць шукаць новыя шляхі для паглыблення кааперацыі ў самых розных сферах: эканоміцы, гандлі, культуры, адукацыі. Указаў на ключавую ролю парламентаў у рэалізацыі ініцыятыў.
Ігар Сергяенка нагадаў, што ў 2017 годзе паміж Нацыянальным сходам Беларусі і парламентам Грузіі была падпісана сумесная заява аб супрацоўніцтве.
«Нашы дэпутаты прымалі ўдзел у міжнародным назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Грузіі. Устаноўлены дыялог паміж групамі дружбы», — прадоўжыў спікер, дадаўшы, што нядаўна прайшла анлайн-сустрэча, у працэсе якой вызначыліся напрамкі ўзаемадзеяння.
Гаворачы па тэме эканамічнага супрацоўніцтва, старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што яно з’яўляецца рухаючай сілай развіцця адносін, назіраецца пэўны рост. Так, у мінулым годзе ажыццёўлены пастаўкі беларускіх лесаматэрыялаў, лекавых сродкаў, мясной прадукцыі і інш. У Грузіі дзейнічае вялікая сетка магазінаў беларускіх прадуктаў. Гэта пацвярджае, што адносіны паміж краінамі развіваюцца. Больш таго, ёсць добрыя перспектывы для паглыблення супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы.
У якасці аднаго з важнейшых напрамкаў развіцця спікер адзначыў сферу агратурызму. Па выніках 2025 года Беларусь заняла сёмае месца ў дзясятцы краін, з якіх у Грузію прыязджае больш за ўсё турыстаў. У беларусаў у якасці маршрутаў папулярны не толькі Батумі, але і Кутаісі, Тбілісі і інш.
У Беларусь таксама прыязджае шмат турыстаў для атрымання санаторна-курортнага лячэння, звярнуў увагу Ігар Сергяенка. Беларускі бок гатовы прадаставіць паслугі па арганізацыі адпачынку з лячэннем, у сферы экалагічнага турызму, пазнаёміць з прыродай, гістарычнымі мясцінамі.
У каментарыі журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валерый Малашка, які ўзначальвае рабочую групу Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам Грузіі, пацвердзіў канструктыўнае міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. Ён звярнуў увагу на ўстойлівае ўзаемадзеянне паміж групамі дружбы і адзначыў, што з грузінскага боку ў яе ўваходзяць даўнія сябры, што надае пэўны імпульс і цеплыню ўзаемадзеянню.
Валерый Малашка звярнуў увагу на актывізацыю ў апошнія гады эканамічных узаемаадносін. Так, 17 сакавіка ў Тбілісі праходзіла пасяджэнне групы па эканамічным супрацоўніцтве. «Вядома, мы, парламентарыі, настроены на прадаўжэнне канструктыўнага дыялогу. Мы шукаем новыя шляхі ўзаемадзеяння, эканамічнага супрацоўніцтва», — сказаў ён, падкрэсліўшы таксама важнасць сацыяльна-гуманітарных праектаў.
Фота Віталя Піваварчыка





