Памяць пагранічнікаў ушанавалі ў Брэсце акцыяй «Баявы разлік»
21 чэрвеня, Брэст . Міжнародная маладзёжная патрыятычная акцыя «Баявы разлік» адбылася ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой»,
Месца і дата для правядзення акцыі традыцыйныя: яна праходзіць каля скульптурнай кампазіцыі «Героям граніцы, жанчынам і дзецям, мужнасцю сваёй у бессмяротнасць ступіўшым» увечары 21 чэрвеня. Курсанты Інстытута пагранічнай службы правялі баявы разлік з партрэтамі загінулых пагранічнікаў Беларускай пагранічнай акругі як даніну памяці воінам, якія заступалі на ахову дзяржаўнай граніцы 21-22 чэрвеня 1941 года.
Як адзначыў начальнік Інстытута пагранічнай службы Сяргей Жылінскі, у самым святым для пагранічнікаў месцы праходзіць 11-я маладзёжная міжнародная патрыятычная акцыя «Баявы разлік». «Мэта акцыі — захаванне гістарычнай праўды і памяці пра подзвіг пагранічнікаў у першых баях на дзяржаўнай граніцы. Мы ведаем, што ні адна пагранічная застава, ні адзін пагранічны нарад не адышоў без загаду з дзяржаўнай граніцы, з годнасцю выканаў свой воінскі абавязак да канца. Наша маладое пакаленне гэта помніць, праводзіць пошукавую работу, успамінае імёны герояў, знаходзіць новыя прозвішчы», — адзначыў Сяргей Жылінскі.
Брастаўчанка Лізавета Хала, якая заканчвае першы курс Інстытута пагранічнай службы, падзялілася, што вырашыла звязаць сваё жыццё з пагранічнай службай пасля заняткаў у ваенна-патрыятычным клубе. Сёння яна адна з тых, хто ўдзельнічае ў акцыі «Баявы разлік». «Мне выпаў гонар паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Сёння мы, як і заўсёды, але з асаблівым хваляваннем, шануем і аддаём даніну памяці людзям, якія першымі прынялі на сябе ўдар, не баяліся, стаялі да апошняга, каб іх сем’і былі ў бяспецы. Менавіта з пагранічнікаў усе павінны браць прыклад, таму што гэта людзі вельмі адважныя, мужныя і гатовыя заўсёды стаяць за сваю Радзіму», — сказала дзяўчына.
Яе меркаванне падзяляе і першакурснік Інстытута пагранічнай службы Дзяніс Жураўлёў. «Быць пагранічнікам — вялікі гонар, гэта адны з элітных войскаў Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, стаць пагранічнікам я марыў з самага дзяцінства, — сказаў малады чалавек. — І ўдзел у сённяшнім мерапрыемстве для мяне неймаверны гонар».
У акцыі прынялі ўдзел кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта, камандзіры тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы і іх намеснікі па напрамку ідэалагічнай работы, дэлегацыі вышэйшых навучальных устаноў пагранічнага профілю Расіі, Таджыкістана, Кыргызстана, школьнікі з розных куткоў Беларусі, ветэраны пагранічнай службы.






