Падтрымка ў лічбах. На колькі папоўніцца сямейны бюджэт пры нараджэнні дзіцяці, расказалі ў Мінпрацы
Фота з архіва 19 кастрычніка, Мінск . Пры нараджэнні дзіцяці сям’я можа разлічваць на значную матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы. На якую суму папоўніцца сямейны бюджэт, расказалі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Пры нараджэнні першага дзіцяці сума аднаразовай дапамогі складзе 5303,7 рубля. Калі будучая маці да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці стане на ўлік у арганізацыях аховы здароўя, то яна таксама зможа разлічваць на дадатковую аднаразовую дапамогу ў памеры 530,37 рубля. Агульная сума, на якую папоўніцца бюджэт сям’і пры нараджэнні першага дзіцяці будзе роўная 5834,07 рубля. Працуючыя беларускі змогуць таксама разлічваць і на дапамогу па цяжарнасці і родах. Сярэдні памер за ўвесь перыяд бальнічнага (126-140 каляндарных дзён) складзе каля 7,9 тыс. рублёў. У Мінпрацы падкрэслілі, што памер такой выплаты разлічваецца індывідуальна.
Пры нараджэнні другога дзіцяці (і наступных) памер аднаразовай дапамогі складзе 7425,18 рубля на дзіця. Улічваючы аднаразовую дапамогу для жанчын, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, сямейны бюджэт пры нараджэнні другога дзіцяці папоўніцца на суму 7955,55 рубля.
Пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей акрамя аднаразовай дапамогі пры нараджэнні другога і наступных дзяцей і аднаразовай дапамогі жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, сям’я таксама зможа прэтэндаваць на назначэнне сямейнага капіталу ў памеры 35 505 рублёў.





