Эканоміка

Мадэрнізацыя на прадпрыемстве «Кармалён» выйшла на фінішную прамую 

Фота з архіва 16 верасня, Гомель . Мадэрнізацыя на прадпрыемстве «Кармалён» выйшла на фінішную прамую, паведаміла галоўны інжынер прадпрыемства Святлана Сухаркава.

Маштабная рэканструкцыя і тэхнічнае пераўзбраенне на прадпрыемстве ў Кармянскім раёне праходзіць па прэзідэнцкай праграме «Адзін раён — адзін праект». Тут устанаўліваюць новыя двухпаточныя лініі для адначасовай вытворчасці доўгага і кароткага льновалакна. «Гэта высокатэхналагічнае абсталяванне, яно аўтаматызавана, поўнасцю камп’ютарызавана. Гатоўнасць аб’екта — больш як 90%. Асноўныя складаныя будаўніча-мантажныя работы завершаны, вядзецца мантаж і наладка абсталявання кітайскага вытворцы. Шэф-мантаж ажыццяўляе прадстаўнік кампаніі-вытворцы», — расказала Святлана Сухаркава.

Паводле яе слоў, праектная магутнасць па перапрацоўцы льнотрасты — 4,6 тыс. т у год. Намінальная прадукцыйнасць па сыравіне — 1,2 тыс. кг/гадз. Запуск новых ліній прадугледжвае стварэнне да 20 новых рабочых месцаў. Рэалізацыя інвестпраекта дасць магчымасць павялічыць аб’ёмы выпуску гатовай прадукцыі, знізіць выдаткі, нарасціць прыбытак. Аб маштабе сведчыць і плошча пабудовы — каля 3 тыс. кв.м. Па сутнасці, гэта новы аб’ект. Таксама праводзіцца рэканструкцыя шохі — навеса для захоўвання сыравіны (ільнотрасты), з улікам павелічэння пасяўных плошчаў культуры будуецца новае сховішча.

Як расказалі на прадпрыемстве, завяршыць усе работы і запусціць лініі плануецца ў кастрычніку. Ураджай гэтага года плануюць часткова перапрацоўваць ужо на новых магутнасцях.

Паралельна вядзецца добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Штодзённа на аб’екце працуюць некалькі брыгад рознага профілю, работы выконваюць дзясяткі спецыялістаў.

«Кармалён» — градаўтваральнае прадпрыемства. Гэта вытворчасць поўнага цыкла — ад сяўбы плошчаў культуры да перапрацоўкі сыравіны і выпуску прадукцыі.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»