Культура

«Несцерка», «Сымон-музыка» і сусветная класіка. Коласаўскі тэатр адзначае 100-годдзе 

Спектакль «Несцерка» ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, верасень 2025 года 21 лістапада, Мінск . Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня заснавання Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Шлях ад эксперыментаў 1920-х гадоў да статусу нацыянальнай сцэны налічвае сотні прэм’ер, захоўвае прызнанне гледачоў і вернасць лепшым традыцыям айчыннага тэатральнага мастацтва.

Тэатр быў створаны 21 лістапада 1926 года ў Віцебску як Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2). Ядро яго першага складу сфарміравалі выпускнікі Беларускай драматычнай студыі ў Маскве.Студыя, адкрытая 1 кастрычніка 1921 года, рыхтавала артыстаў для опернай і драматычнай сцэны БССР. Калі на яе базе вырашылі стварыць новы нацыянальны тэатр, для навучання пачалі адбіраць таленавітую моладзь з усёй Беларусі і пагранічных з ёю раёнаў Расіі. Педагогі імкнуліся выхаваць новы тып акцёра, які валодае дасканалай сцэнічнай тэхнікай, голасам, пластыкай цела і майстэрствам імправізацыі.

Творчым маніфестам студыі стаў спектакль «Цар Максімілян» — народная драма ў апрацоўцы Аляксея Рэмізава і Мікалая Міцкевіча. Галоўную ролю цара Максіміляна выканаў Канстанцін Саннікаў, яго сына Адольфа ўвасобіў Мікалай Міцкевіч, а непараўнальнай Венерай стала маладая Стэфанія Станюта. Наступнай работай студыйцаў быў «Сон у летнюю ноч» Уільяма Шэкспіра, дзе артысты прадэманстравалі бліскучыя здольнасці да імправізацыі. Менавіта гэтыя пастаноўкі, а таксама іншыя вучэбныя работы — «Вакханкі» Эўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Ежы Жулаўскага і сучасная п’еса «Астап» Андрэя Глобы — склалі аснову рэпертуару новага тэатра ў першыя гады яго існавання.

Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (цяпер — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа) размясціўся ў будынку Віцебскага абласнога тэатра, адным з найбольш прыгожых і добраўпарадкаваных у Беларусі.

Ля вытокаў БДТ-2 стаялі народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Аляксандр Ільінскі, народны артыст СССР Павел Малчанаў, народныя артысты Беларусі Цімафей Сяргейчык, Канстанцін Саннікаў, Раіса Кашэльнікава, Яніна Глебаўская, Алена Радзялоўская, Марыя Бялінская, а таксама заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Любоў Мазалеўская і Мікалай Міцкевіч. Адны з іх прысвяцілі коласаўскай сцэне ўсё жыццё, іншыя з часам перайшлі ў сталічныя тэатры, дзе прадоўжылі працаваць з нязменным поспехам.

БДТ-2 першы з беларускіх тэатраў звярнуўся да спадчыны выдатнага рускага драматурга Аляксандра Астроўскага, паставіўшы яго драму «Беспасажніца». П’еса выдатна прагучала на беларускай мове дзякуючы перакладу Кандрата Крапівы, у будучым народнага пісьменніка БССР. Паставіў спектакль мастацкі кіраўнік Віктар Дарвішаў.

Сапраўднымі дасягненнямі тэатра тых гадоў сталі спектаклі «Мяшчане» Максіма Горкага, «Лес» Аляксандра Астроўскага і «Здані» Генрыка Ібсена. У «Лесе» яскрава раскрыўся драматычны талент Мікалая Звездачотава — будучага знакамітага трагіка коласаўскай сцэны, які стварыў вобраз Генадзя Нешчасліўцава. У «Зданях» глыбокага драматызму ў ролі Освальда дасягнуў Павел Малчанаў.

У 1940 годзе адбылося першае знаёмства тэатра з драматургіяй Мальера. Камедыю «Лекар паняволі» паставіў Сямён Казіміроўскі, які стаў у далейшым галоўным рэжысёрам тэатра.

У 1941 годзе гледачы ўбачылі «Несцерку» — маляўнічае народнае відовішча, напаўказачнае і напаўрэальнае. Галоўнымі героямі спектакля сталі народ і сам Несцерка — чулы, добры, вынаходлівы і дасціпны весялун. Першы гэты вобраз таленавіта ўвасобіў народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі, а ў далейшым яго дастойна замяніў Фёдар Шмакаў. Рэжысёр Навум Лойтар надаў пастаноўцы імклівы рытм, напоўніў яе вынаходлівасцю і вострымі мізансцэнамі. За гэты спектакль у 1946 годзе Дзяржаўнай прэміі СССР былі ўдастоены рэжысёр Навум Лойтар, выканаўцы галоўных роляў Аляксандр Ільінскі і Цімафей Сяргейчык, кампазітар Ісаак Любан і мастацкі кіраўнік тэатра Павел Малчанаў.

У 1944 годзе тэатру было прысвоена імя Якуба Коласа.

У пасляваенны час калектыў знаходзіўся на вялікім творчым уздыме. У 1951 годзе рэжысёр Аляксандр Скібнеўскі звярнуўся да п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо», увасобіўшы яе як глыбокі рэалістычны твор, дзе за гісторыяй простай сялянскай сям’і быў відаць лёс усяго беларускага народа.

У гэты перыяд коласаўцы актыўна ставілі сучасную драматургію. Сярод найбольш прыкметных работ — «Выбачайце, калі ласка!» Андрэя Макаёнка, «Андрэй Лабанаў» Данілы Граніна, «Бітва ў дарозе» Галіны Нікалаевай, «Іркуцкая гісторыя» Аляксея Арбузава. Гэтыя спектаклі адлюстроўвалі перамены, якія адбываліся ў жыцці краіны.

Свежае дыханне Коласаўскаму тэатру надаў Валерый Мазынскі, які займаў пасаду галоўнага рэжысёра з 1976 па 1989 год. Асабліва яскравымі ў яго атрымліваліся пастаноўкі паводле твораў беларускіх аўтараў. Першай сваёй работай — «Званы Віцебска» Уладзіміра Караткевіча — рэжысёр пацвердзіў,што тонка адчувае сучасную тэатральную эстэтыку і па-майстэрску валодае метафарычнай сцэнічнай мовай.

Выдатнай старонкай у гісторыі тэатра стала драматычная балада «Сымон-музыка», пастаўленая Мазынскім паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа. Спектакль быў удастоены прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

У 1976 годзе тэатр узнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1977-м — прысвоілі ганаровае званне «акадэмічны», а ў 2001 годзе ён атрымаў статус «нацыянальны».

У 2012 годзе на коласаўскай сцэне актыўна ставілі сучасныя п’есы, а ў хуткім часе адкрылася новая пляцоўка — тэатральная гасцёўня для музычна-паэтычных вечароў і творчых сустрэч.

Сёння тэатр узначальвае Юлія Харкевіч. У трупе — 37 артыстаў, шасцёра з якіх носяць ганаровыя званні народнага і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, а трое ўдастоены дзяржаўных узнагарод. Рэпертуар тэатра ахоплівае самыя розныя жанры і тэмы: псіхалагічную драму, камедыю, трагікамедыю, меладраму і казку. Калектыў выступае ініцыятарам гарадскога конкурсу «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр», начных пленэрных паказаў на тэрыторыі музея-сядзібы І.Я. Рэпіна «Здраўнёва», а таксама тэатральных лабараторый у рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Коласаўцы беражліва захоўваюць дух студыйнасці і акцёрскае братэрства, перадаючы гэтыя традыцыі з пакалення ў пакаленне. Адкрыты для наватарскіх эксперыментаў, тэатр па-ранейшаму прасякнуты любоўю да беларускага слова і радзімы. Лепшым пастаноўкам калектыву ўласцівы яркі нацыянальны каларыт, а на сцэне арганічна спалучаюцца розныя акцёрскія і рэжысёрскія школы.

У дзень 100-годдзя тэатра, 21 лістапада, гледачы зноў убачаць легендарны спектакль «Несцерка», які застаецца візітнай карткай коласаўцаў. Знамянальна, што ў 2026 годзе сама пастаноўка таксама адзначае юбілей — 85-годдзе з дня прэм’еры. 

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»