Эканоміка

Тавараабарот Беларусі і Кеніі плануецца павялічыць за кошт развіцця біржавога гандлю

Фота з архіва 16 кастрычніка, Мінск . Выкарыстанне біржавога маханізма ў гандлі Беларусі і Кеніі спросціць узаемадзеянне паміж суб’ектамі гаспадарання дзвюх краін, дапаможа знізіць камерцыйныя рызыкі і пасадзейнічае ўстойліваму росту тавараабароту ў доўгатэрміновай перспектыве. Такое меркаванне выказаў начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Беларускай універсальнай таварнай біржы Яраслаў Кавальчук у час Афрыканскага гандлёва-прамысловага саміту (Africa Commerce & Industry Summit 2026), які праходзіць 14-16 кастрычніка ў Найробі, паведамілі ў прэс-службе БУТБ.

Паводле слоў прадстаўніка БУТБ, перадавая лічбавая інфраструктура і шматгадовы вопыт суправаджэння трансгранічных здзелак робіць біржу зручнай кропкай уваходу на рынак Беларусі для кенійскіх кампаній.

«Біржу трэба разглядаць не проста як электронную пляцоўку, а як інструмент, які дае магчымасць комплексна вырашаць увесь спектр задач знешнегандлёвай дзейнасці, уключаючы экспарт, імпарт, маркетынг і страхаванне рызык. Удзел у біржавых таргах прадаставіць кенійскаму бізнесу непасрэдны доступ да больш як 31 тыс. беларускіх прадпрыемстваў, якія гатовы або пастаўляць сваю прадукцыю ў Кенію, або закупляць запатрабаваныя кенійскія тавары. Гэта адкрывае шырокія магчымасці для павелічэння тавараабароту ў абодвух напрамках па прапрацаванай ужо таварнай наменклатуры, а таксама для запуску гандлю новымі пазіцыямі з высокім патэнцыялам маштабавання», — адзначыў Яраслаў Кавальчук.

Па выніках перагавораў, праведзеных у час саміту і ў ходзе B2B-сустрэч, дасягнуты дамоўленасці з пастаўшчыкамі зялёных зярнят кавы, какава-зярнят, фруктовых пюрэ і сокавых канцэнтратаў з Кеніі і іншых дзяржаў Усходняй Афрыкі аб выстаўленні гэтай прадукцыі на біржавыя таргі ў Беларусі. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць арганізацыі экспарту беларускага сухога малага ў гэты рэгіён пры садзейнічанні аднаго з замежных брокераў БУТБ, добра знаёмага з афрыканскім рынкам і гатовага ўзяць на сябе пытанні транспартнай лагістыкі і ўзаемаразлікаў па біржавых здзелках.

Асобная ўвага ўдзелена супрацоўніцтву БУТБ з гандлёва-прамысловымі палатамі краін Афрыкі. Размова ідзе аб нацыянальных ГПП Кеніі, Малаві, Танзаніі, Туніса, Уганды і ПАР. Для забеспячэння сістэмнага характару ўзаемадзеяння плануецца скласці дарожныя карты сумесных мерапрыемстваў з кожнай з палат. Туды ўвойдуць інфармацыйныя кампаніі, вэбінары па біржавым гандлі і візіты бізнес-дэлегацый у цэнтральны офіс БУТБ.

На БУТБ акрэдытаваны рэзідэнты сямі афрыканскіх дзяржаў, у тым ліку тры кампаніі з Кеніі.

ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»