Палітыка

МЗС: напаўненне Еўропы зброяй і мілітарысцкай ідэалогіяй — адна з самых трывожных тэндэнцый

Фота МЗС 22 чэрвеня, Мінск . Напаўненне Еўропы зброяй і мілітарысцкай ідэалогіяй — адна з самых трывожных тэндэнцый. Аб гэтым намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта заявіў у час выступлення на міжнародным круглым стале «Мілітарызацыя Еўропы», арганізаваным на пляцоўцы АБСЕ ў Вене ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі, паведамілі ў прэс-службе МЗС.

«Напаўненне Еўропы зброяй і, галоўнае, мілітарысцкай ідэалогіяй — адна з самых відавочных і трывожных тэндэнцый сёння. Еўропа актыўна пераўзбройваецца, Еўропа рыхтуецца да поўнамаштабнага канфлікту. Краіны ЕС і НАТА сістэмна пашыраюць на ўсіх узроўнях мілітарысцкі парадак дня. Вайна выбудоўваецца ў розумах, у свядомасці народаў замацоўваецца яе непазбежнасць. З кім яны зноў плануюць ваяваць, куды накіраваны агрэсіўныя памкненні — спадзяюся, усім відавочна», — адзначыў Ігар Сякрэта.

Дыпламат падкрэсліў, што мілітарызацыя Еўропы ў XXI стагоддзі — гэта не стыхійны працэс, а вынік перасячэння і накладання інтарэсаў палітычных эліт і кіраўніцтва карпарацый, завязаных на ваенную вытворчасць. Паводле яго слоў, генезіс гэтай з’явы трэба шукаць у падзеях 30-40-гадовай даўнасці.

«Паверыўшы ў сваю безумоўную перамогу ў халоднай вайне, частка еўрапейскіх эліт вырашыла ў поўнай меры скарыстацца тым, што мы называем геапалітычнай катастрофай 1991 года. Замест таго каб працягнуць руку дружбы і супрацоўніцтва і разам будаваць квітнеючую Вялікую Еўропу — такія галасы на Захадзе таксама гучалі, але яны засталіся ў меншасці, — заходнія неакаланіялісты аддалі перавагу прадаўжэнню крыжовага паходу на Усход. Яны драбілі некалі адзіную прастору на ізаляваныя фрагменты, настройвалі новыя дзяржавы адна супраць адной, тарпедавалі інтэграцыйныя ініцыятывы, якія толькі зараджаліся», — сказаў намеснік міністра.

Ён дадаў, што Захад зрабіў стаўку на мілітарызацыю яшчэ тады, калі парушыў слова, дадзенае пры аб’яднанні Германіі, калі прадоўжыў бяздумнае пашырэнне НАТА, калі развязаў агрэсію ў Югаславіі, калі «экспартам дэмакратыі» разбурыў астаткі даверу. «Менавіта тады было пасеяна насенне будучай трагедыі, якую мы назіраем ва Украіне», — заявіў Ігар Сякрэта.

Беларускі дыпламат адзначыў, што сёння мілітарызацыя Еўропы ідзе па некалькіх напрамках: гэта шматслойная мэтанакіраваная палітыка і дзейнасць. Перш за ўсё ён звярнуў увагу на непасрэдны рост узбраенняў, колькасці армій, будаўніцтва ваеннай інфраструктуры і інтэнсіфікацыю ваенных падрыхтовак.

«Нас вельмі непакоіць узросшая колькасць ваенных вучэнняў на ўсходнім флангу НАТА. У мінулым годзе на еўрапейскай частцы нашага кантынента праведзена больш за 600 вучэнняў з удзелам 600 тыс. чалавек, з іх у Польшчы і ў краінах Балтыі — больш за 250 вучэнняў з удзелам звыш 170 тыс. чалавек. Гэтыя манеўры, што праходзяць з беспрэцэдэнтнай інтэнсіўнасцю, ахопліваюць усе стратэгічныя напрамкі — ад Арктыкі і Балтыкі да Чорнага мора і Міжземнамор’я», — прывёў некалькі прыкладаў Ігар Сякрэта.

Незлічоныя вучэнні ў Еўропе праходзяць і на нацыянальным узроўні. Асобна намеснік кіраўніка МЗС прыгадаў вучэнні «Адважны кабан — 2026», якія праходзяць у чэрвені ў раёне Сувалкскага калідора з удзелам ваенных з Польшчы, Літвы і Францыі, а таксама планы Францыі і Польшчы правесці сумесныя вучэнні ваенна-паветраных сіл з імітацыяй удараў па цэлях на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

Ігар Сякрэта правёў і гістарычныя паралелі. Ён расказаў, што 8 чэрвеня новая 45-я танкавая брыгада Бундэсвера, раскватараваная ў Літве, упершыню правяла вучэнні па адбіцці так званай рэальнай пагрозы. Нумар гэтага злучэння — не проста лічбы ў штабных дакументах. Менавіта 45-я пяхотная дывізія вермахта ў складзе групы армій «Цэнтр» на світанні 22 чэрвеня 1941 года першая ўварвалася на тэрыторыю Беларусі, штурмавала Брэсцкую крэпасць, спальвала беларускія гарады і вёскі.

«Праз 85 гадоў воінскае фарміраванне з тым самым парадкавым нумарам зноў стаіць каля нашых граніц — на гэты раз пад выглядам «абароны ўсходняга фланга НАТА». Як нам у Мінску рэагаваць на гэты сімвалізм?» — задаўся пытаннем дыпламат.

Асобнай увагі, паводле яго слоў, заслугоўвае рост ваенна-прамысловага комплексу Еўропы, перабудова і перавод на ваенныя рэйкі ўсёй прамысловасці. Блок НАТА мае намер падняць ваенныя расходы да 5 працэнтаў ВУП. План ЕС Readiness 2030 прадугледжвае выдзяленне 800 млрд еўра на абарону да 2030 года. Прыняты Белая кніга і дарожная карта з флагманскімі ініцыятывамі па супрацьпаветранай абароне, беспілотніках і космасу.

Паказальны рост ваенных расходаў суседніх з Беларуссю дзяржаў НАТА. У 2025 годзе сукупныя ваенныя расходы Польшчы, Літвы і Латвіі перасягнулі 52 млрд еўра. Гэта ў 25 разоў больш таго, што выдзяляе на абарону Беларусь.

«Рост ваенна-прамысловага комплексу і ваенных расходаў — гэта, калі хочаце, другая ітэрацыя пашырэння НАТА на Усход. Можна, вядома, супакойваць сябе думкай аб тым, што размова ідзе аб спробах Еўропы ўдыхнуць — праз змяненне прамысловага ўкладу — новае жыццё ў прамысловасць, перазапусціць эканоміку пасля страты недарагіх энерганосьбітаў з Расіі. І нібыта гэта ўсё выклікана неабходнасцю забяспечыць мінімальны ўзровень абароны пасля краху традыцыйнай еўраатлантычнай мадэлі бяспекі. Але не будзем уводзіць сябе ў зман», — падкрэсліў Ігар Сякрэта.

Ён растлумачыў, што нават калі прыведзеная аргументацыя слушная, то ўсім добра вядома, што ў Еўропе заўсёды ёсць рэваншысцкія сілы, якія, убачыўшы значную перавагу ва ўзбраеннях і інфраструктуры, убачыўшы адсутнасць стрымальных канвенцыянальных фактараў, не ўстаяць перад спакусай скарыстаць гэта, каб вырашыць сістэмныя праблемы ва ўзаемаадносінах з усходнімі суседзямі ваеннай сілай.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»