МЗС Беларусі аб сітуацыі ў Польшчы: спрэчкі павінны ўрэгулявацца праз дыялог, а не шляхам паралічу органаў улады
31 кастрычніка, Мінск . Спрэчкі павінны ўрэгулявацца праз дыялог, а не шляхам паралічу органаў улады, адзначыў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў, адказваючы на пытанне карэспандэнта адносна абвастрэння сітуацыі вакол Канстытуцыйнага трыбунала Польшчы.
У Рэспубліцы Беларусь уважліва сочаць за развіццём унутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Польшча, звязанай з крызісам вакол Канстытуцыйнага трыбунала.
«Мы з разуменнем адносімся да складанасці бягучага моманту. Адзначаем, што абвастрэнне дыскусіі адбываецца напярэдадні выбараў, калі палітычная барацьба, зразумела, становіцца больш эмацыянальнай», — сказаў прэс-сакратар МЗС Беларусі.
«Не ўмешваючыся ва ўнутраныя справы Польшчы, падкрэсліваем: спрэчкі павінны ўрэгулявацца праз дыялог і дээскалацыю, а не шляхам паралічу органаў улады», — сказаў Руслан Варанкоў.
Прадстаўнік МЗС падкрэсліў, што Беларусь як сусед зацікаўлена ў стабільнай, паспяховай і прадказальнай Польшчы.
«Перакананы, што польскія палітыкі знойдуць узаемапрымальныя рашэнні, здымуць існуючыя супярэчнасці і забяспечаць устойлівае развіццё краіны», — сказаў прэс-сакратар.
У Беларусі разлічваюць на канструктыўны і адказны падыход усіх бакоў і пацвярджаюць гатоўнасць да добрасуседскага ўзаемадзеяння.






