Лукашэнка падкрэсліў зацікаўленасць Беларусі ў сумесным з Расіяй развіцці самалётабудавання
29 верасня, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў зацікаўленасць краіны ў сумесным з Расіяй развіцці самалётабудавання. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з губернатарам Ульянаўскай вобласці Расіі Аляксеем Рускіх,
У ліку сфер, дзе бакі апошнія гады актыўна ўзаемадзейнічаюць у рамках прамысловай кааперацыі, згадвалася самалётабудаванне. Ва Ульянаўскай вобласці размяшчаецца авіябудаўнічы завод «Авіястар» — адзін з буйнейшых у Расіі.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў больш інтэнсіўна супрацоўнічаць у гэтай сферы, прыцягваць айчынныя прадпрыемствы для выканання большай колькасці работ.
«Вы нас больш падцягвайце да самалётабудавання. База ёсць, школа ёсць. Дапамагайце з тэхналагічным абсталяваннем, мы будзем добрымі вам памочнікамі. Самалёт мы не зробім — вы павінны яго рабіць. А вось пакрыху падключайце да тых напрамкаў, дзе мы можам нешта зрабіць для вас», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што рамонт у Беларусі самалётаў і бранятэхнікі ажыццяўляўся яшчэ з савецкіх часоў. «Але час ужо ад рамонту пераходзіць да вытворчасці. І мы многае робім, рыхтуем для вас вузлы, камплектуючыя. Гатовы мадэрнізаваць вытворчасць, паглыбляцца. Мы гатовы вырабляць з Расіяй — праект ёсць самалёта «Асвей». Мы будзем разам займацца вытворчасцю», — заявіў беларускі лідар.
У сваю чаргу кіраўнік расійскага рэгіёна пацвердзіў, што апошнім часам значна актывізавалася супрацоўніцтва ў сферы самалётабудавання, у прыватнасці паміж прадпрыемствам «Авіястар» і беларускімі 558-м авіяцыйным рамонтным заводам, Мінскім заводам грамадзянскай авіяцыі №407. «З году ў год вырабляем усё больш самалётаў і вашы прадпрыемствы, 558-ы, 407-ы ў гэтым ключы вельмі дапамагаюць, — адзначыў Аляксей Рускіх. — Вельмі зацікаўлены, каб гэта ўзаемадзеянне нарошчвалася з году ў год».
«Вядома, гэтаму папярэднічала велізарная работа — для таго, каб яны маглі пачаць пастаўкі камплектуючых. Але мы ўсе бар’еры пераадолелі, цяпер кааперацыя толькі павялічваецца», — канстатаваў ён. 





