Дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі расказаў пра самаадчуванне пацярпелых у Бранскай вобласці
21 чэрвеня, Мінск . Дзеці, якія пацярпелі ў Бранскай вобласці, знаходзяцца ў палатах з бацькамі і ў здавальняючым стане. Аб гэтым журналістам паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра (РНПЦ) дзіцячай хірургіі Канстанцін Драздоўскі,
Кіраўнік РНПЦ адзначыў, што была праведзена даволі цяжкая работа, асабліва ў першыя дні, калі беларускія спецыялісты выязджалі ў Расію за юнымі пацыентамі.
«Цяпер дзеці адчуваюць сябе нядрэнна. Чацвярым з іх, якія знаходзяцца ў аддзяленні, праведзены аперацыі па выдаленні асколкаў. Яны знаходзяцца ў палаце з бацькамі і ў здавальняючым стане», — расказаў Канстанцін Драздоўскі.
Дзіця, якое было дастаўлена ў Беларусь на штучнай вентыляцыі лёгкіх, у цяжкім стане, з сур’ёзнымі траўмамі, застаецца ў аддзяленні рэанімацыі. «Яму праведзены аперацыі. Учора ён прыйшоў у прытомнасць, дыхае сам. Вядома, яму да выздараўлення яшчэ доўга, але ён знаходзіцца з маці і адчувае сябе нядрэнна», — праінфармаваў дырэктар РНПЦ.
Аперацыі пацярпелым дзецям былі выкананы мультыдысцыплінарнай брыгадай. У яе ўваходзілі дзіцячыя хірургі, сківічна-тварны хірург, лор-хірург, траўматолагі, хірургі, якія спецыялізуюцца на хірургіі кісці, і афтальмолаг — усяго, паводле слоў Канстанціна Драздоўскага, каля 30 спецыялістаў.
Што датычыцца прагнозаў на выпіску, кіраўнік РНПЦ падкрэсліў, што пасляаперацыйны перыяд пацыентаў пройдзе ў цэнтры. «Мы маем справу з асколачнымі траўмамі, таму пасляаперацыйны перыяд яны правядуць у нас. Як толькі мы зможам іх выпісаць і адправіць дадому, мы гэта зробім», — канстатаваў ён.
Падтрымаць пацярпелых юных футбалістаў сёння ва ўстанову аховы здароўя прыехала дэлегацыя Міністэрства спорту і Беларускай федэрацыі футбола. Старшыня асацыяцыі «Беларуская Федэрацыя футбола» Яўген Булойчык пажадаў дзецям найхутчэйшага выздараўлення і ўручыў падарункі. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Віктар Ганчарэнка запэўніў спартсменаў, што як толькі яны паправяцца, іх чакаюць у вялікім спорце. Дзецям уручылі футбольную форму, мячы і ласункі, ну і, вядома ж, аўтографы. 






