Кінаклуб «Залаты Віцязь» адкрылі ў мінскім кінатэатры «Піянер»
30 кастрычніка, Мінск . У кінатэатры «Піянер» адбылося ўрачыстае адкрыццё кінаклуба «Залаты Віцязь», якое прайшло ў рамках мерапрыемстваў, што папярэднічаюць XXXII Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю «Лістапад»,
Як расказаў народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў, кінаклуб пачне сваю работу ў Мінску з гадавой праграмы. Паказы плануюць праводзіць двойчы ў месяц, працягласць кожнага сеанса складзе каля дзвюх гадзін. Цяпер ідзе падбор фільмаў.
Пры гэтым усе фільмы будуць прызначаны для сямейнага прагляду. «Гэта наш прынцып. Я як рэжысёр і пісьменнік лічу, што ствараць свае работы трэба для ўсіх, без узроставых абмежаванняў. Упэўнены, фільмы кінаклуба будуць карысны і дзецям, і бацькам. Яны таксама будуць адпавядаць традыцыйным духоўна-маральным каштоўнасцям», — адзначыў Мікалай Бурляеў.
Першым гледачам прадставілі расійскую меладраму «Двое ў адным жыцці, не лічачы сабакі».
Арганізатары будуць сачыць за тым, як развіваецца кінаклуб у Мінску, дадаў народны артыст Расіі. Калі праект будзе запатрабаваным, у будучым да паказаў могуць далучыцца стваральнікі фільмаў, акцёры і кіназнаўцы, якія дапамогуць гледачам глыбей зразумець карціны.
Кінаклубы «Залаты Віцязь» адкрываюцца па ўсёй Расіі, сёння іх колькасць складае каля 500. «Я займаюся гэтым ужо 35 гадоў. Кожнаму клубу дару па 100-200 фільмаў. А ў архіве міжнароднага форуму «Залаты Віцязь» адабрана больш за 9 тыс. карцін — гэта сапраўднае багацце», — адзначыў Мікалай Бурляеў.
XXXII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе ў Беларусі з 30 кастрычніка па 6 лістапада пад лозунгам «Глядзі. Жыві. Цані». Для ўдзелу ў фестывалі было пададзена больш за 3,3 тыс. заявак са 108 краін, адабрана 130 фільмаў з 55 краін. На «Лістападзе» традыцыйна прадстаўлены работы ўдзельнікаў з Расіі, Кітая, Індыі, Ірана і Пакістана, В’етнама. Таксама будуць работы з Камбоджы, Марока, Танзаніі, Калумбіі, ЗША і іншых краін.
Фота Мікалая Сіняўскага





