Як часта будуць абнаўляць даныя аб прыёме дакументаў у каледжы, расказалі ў Мінадукацыі
Фота з архіва 15 чэрвеня, Мінск . Каледжы Беларусі пачалі прыём дакументаў у паступаючых на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова расказала журналістам, як часта будуць абнаўляць даныя аб прыёме дакументаў,
Дзверы прыёмных камісій адчыніліся 15 чэрвеня ў 9.00, штодзённа яны будуць працаваць да 18.00, уключаючы суботы. Інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў абнаўляецца тройчы за дзень: у 12.00, 15.00 і 18.00. У апошні дзень прыёму абнаўленне даных завяршаецца за гадзіну да закрыцця прыёмнай камісіі.
«Пры жаданні падаць дакументы на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі бацькі і паступаючыя павінны памятаць, што прыёмная камісія працуе да 23 жніўня. Для паступлення трэба падрыхтаваць арыгіналы дакументаў аб адукацыі, фатаграфіі, таксама для напісання заявы на імя кіраўніка каледжа неабходна асабістая прысутнасць абітурыента. Акрамя таго, спатрэбіцца медыцынская даведка, у якой павінна быць інфармацыя аб адсутнасці проціпаказанняў для навучання неабходнай спецыяльнасці і кваліфікацыі», — праінфармавала Аляксандра Пятрова.
Прыём паступаючых на ўзровень прафтэхадукацыі ажыццяўляюць 159 каледжаў у краіне. Для гэтага ўстаноўлена каля 29 тыс. месцаў. «Мэтавых месцаў у гэтым годзе вызначана каля 5,4 тыс., але гэта яшчэ не канчатковая лічба. Па заканадаўстве да 22 жніўня пры наяўнасці дадатковай патрэбнасці арганізацый — заказчыкаў кадраў гэтыя лічбы могуць быць павялічаны. Напрыклад, у мінулым годзе месцаў стала больш як на 1 тыс.», — адзначыла прадстаўнік Мінадукацыі.
На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі каледжы рыхтуюць па больш як 250 кваліфікацыях. Паводле слоў намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення, гэта сістэма вельмі гібкая: штогод установы адукацыі карэкціруюць кваліфікацыйную структуру прыёму, зыходзячы з патрэбнасцей рэгіёна і базавых арганізацый. «Напрыклад, у гэтым годзе прыпынена альбо закрыта падрыхтоўка па 99 кваліфікацыях, таксама па 93 кваліфікацыях яна адноўлена альбо адкрыта зноў. Акрамя таго, з’явіліся новыя для краіны кваліфікацыі на ўзроўні прафтэхадукацыі, напрыклад, «машыніст тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны», «аператар вяндлярнай устаноўкі», «машыніст аўтаматрысы». Штогод кваліфікацыйны рад не толькі ў цэлым у краіне, але і ў канкрэтнай установе адукацыі абнаўляецца, таму трэба сачыць за сайтамі канкрэтных каледжаў», — парэкамендавала яна.






