Гродзенскія гандбалісткі выйгралі «фінал чатырох» лігі «Вавёрка Кап» у катэгорыі U13
6 кастрычніка, Мінск . У сталіцы вызначыліся пераможцы і прызёры «фіналу чатырох» дзіцяча-юнацкай гандбольнай лігі «Вавёрка Кап» сярод дзяўчат 2013-2014 гадоў нараджэння,
Удзел у гэтай лізе прымаюць юныя гандбалісткі з Беларусі і Расіі ва ўзросце ад 9 да 15 гадоў, якія спаборнічаюць у трох узроставых катэгорыях. Усяго ў сезоне-2026 выступілі 50 каманд, у сярэдняй групе (2013-2014 гадоў нараджэння) стартавалі 23 калектывы. Да «фіналу чатырох» дайшлі дзяўчаты з Гомеля, Гродна і Бялыніч, а таксама прадстаўніцы Масквы.
«Матчы ў малодшым і сярэднім узростах праходзяць па асаблівых правілах — у тры таймы, прычым першыя дзве каманды гуляюць рознымі складамі. Гэта зроблена, каб даць гульнявы час усім дзецям, — падкрэсліла галоўны суддзя турніру, ініцыятар стварэння лігі Наталля Карпіловіч. — Гульні атрымаліся вельмі цікавымі, да апошняга матчу не было зразумела, хто і на якім прызавым месцы размесціцца. Галоўны трэнер жаночай нацыянальнай зборнай Ігар Папруга таксама быў уражаны, адзначыўшы падбор ігракоў і высокі ўзровень узаемадзеяння на пляцоўцы».
Залатыя медалі ў выніку заваявала каманда СДЮШАР «Гродна-1», якая выйграла тры паядынкі з трох. Другую пазіцыю занялі дзяўчаты з Бялыніцкай ДЮСШ, трэцімі сталі выхаванкі СШАР «Вешнякі» (Маскоўская гандбольная акадэмія).
«Ва ўсіх матчах нам давялося папрацаваць, у некаторых момантах было вельмі складана. Рада, што дзяўчаты сабраліся, паказалі сябе сапраўднай камандай і перамаглі, — сказала трэнер-выкладчык СДЮШАР ГК «Гараднічанка» Аляксандра Кашкевіч. — Выступленні ў лізе мы пачалі ў лютым, на шляху да фіналу прайшлі дзве адборачныя групы. На спаборніцтвы гэтым складам ездзім пяць гадоў ужо, у Мінску таксама не першы раз, да шуму трыбун дзяўчаты прывыклі, таму ўсе былі поўнасцю гатовы».
Трэнер Маскоўскай гандбольнай акадэміі Сяргей Варанкоў адзначыў: «Турнір вельмі важны, гэта добрая магчымасць і для нас, і для гаспадароў паглядзець, як працуюць калегі ў суседняй краіне. Дзецям міжнародныя старты таксама больш цікавыя за ўнутраныя, усё ж гэта іншы ўзровень. Вельмі падабаецца сістэма правядзення матчаў з двума складамі, у нас такога няма. Мы ўжо даўно ездзім гуляць у Беларусь, тут выдатныя ўмовы для падрыхтоўкі рэзерву і добрая падтрымка дзяржавы. І, як мы бачым, усё гэта дае плён».
У канцы верасня ў Мінску прайшоў «фінал чатырох» лігі «Вавёрка кап» у малодшай узроставай катэгорыі (2015-2017 гадоў нараджэння), перамогу ў якім атрымала каманда сталічнага ЦАР па гандболе, тройку дапоўнілі дзяўчаты са Звянігарада (Расія) і Слуцка. Медалі ў старэйшай групе (2011-2012 гадоў нараджэння) будуць разыграны з 8 па 10 кастрычніка.
Фота Сяргея Шэлега






