Гімнаст Цясельскі абараніў званне чэмпіёна Беларусі ў мнагабор’і
Фота з архіва 4 ліпеня, Мінск . На чэмпіянаце Беларусі па спартыўнай гімнастыцы ў Магілёве вызначыліся пераможцы ў самым прэстыжным відзе праграмы — мнагабор’і, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.
Перамогу сярод мужчын атрымаў Алег Цясельскі, які быў чэмпіёнам Беларусі і ў мінулым годзе. На гэты раз за выступленні на шасці снарадах бабруйчанін атрымаў 76,150 бала, апярэдзіўшы Багдана Ільінкова (75,250) і Данілу Грыгарчука (74.900). У дзяўчат золата з рэзультатам 51,099 ачка заваявала Алена Жыхарава, якая апярэдзіла больш вопытных Ульяну Кузьмянкову і Караліну Феданюк (па 50,034).
У заключны дзень чэмпіянату Беларусі па спартыўнай гімнастыцы 4 ліпеня адбудуцца фіналы ў асобных практыкаваннях. Усяго галоўны ўнутраны старт сезона сабраў у Магілёве каля сотні атлетаў.






