Сасновіч стартуе на турніры WTA-250 у Афінах
Аляксандра Сасновіч. Фота НАК 14 ліпеня, Мінск . Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч стартуе на турніры катэгорыі WTA-250 у Афінах з прызавым фондам $283 тыс.,
У паядынку першага раўнда беларуска, якая займае 143-е месца ў сусветным рэйтынгу, згуляе з расійскай тэнісісткай Ганнай Блінковай, у якой 102-я пазіцыя. Гэта будзе іх шостая сустрэча на турнірах пад эгідай WTA, і ва ўсіх пяці папярэдніх матчах выйгравала Аляксандра Сасновіч. Пераможца сённяшняй гульні сустрэнецца ў 1/8 фіналу з пераможцай матчу паміж чэшкай Тэрэзай Валентавай (40-ы нумар рэйтынгу WTA) і прадстаўніцай Бельгіі Сафіяй Костулас (157).
Дзве беларускія тэнісісткі выступяць на турніры WTA-125 у турэцкім Стамбуле з прызавым фондам $115 тыс. У 1/16 фіналу саперніцай Дар’і Хамуцянскай (314) будзе інданезійская тэнісістка Прыска Нугроха (379), а Алёна Фалей (230) згуляе з кітаянкай Юэ Юань (120). Хамуцянская прабілася ў асноўную сетку праз кваліфікацыю, абыграўшы індыянку Саюму Віг — 6:0, 6:0 і кітайскую тэнісістку Ін Чжан — 1:6, 6:4, 7:5. На старце парнага разраду Алёна Фалей і расіянка Паліна Яцэнка адолелі ў трохсэтавым матчы амерыкана-чэшскі дуэт Кэрал Лі / Вендула Вальдманава — 6:4, 2:6, 11:9. Хамуцянская і расійская тэнісістка Дар’я Зялінская ўступілі кітайскаму тандэму Ін Чжан / Юйцзя Хуан — 2:6, 2:6.
Спаборніцтвы ў Грэцыі і Турцыі завершацца 19 ліпеня.






