«Гэта быў дыялог культур». Рэктар БДУ аб стварэнні беларуска-кітайскай адукацыйнай праграмы
Андрэй Кароль 30 чэрвеня, Пекін . Беларуска-кітайская адукацыйная праграма з’яўляецца ўнікальным выпадкам, калі ўдалося ўзгадніць дзве розныя традыцыі і сістэмы адукацыі. Аб гэтым журналістам заявіў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль,
Рэктар БДУ адзначыў, што сумесная беларуска-кітайская праграма з’яўляецца своеасаблівым унікальным выпадкам, калі ўдалося ўзгадніць дзве розныя традыцыі і сістэмы адукацыі. «Калі рэзюмаваць, то гэта быў у поўнай меры дыялог культур», — падкрэсліў ён.
Першы выпуск спецыялістаў, якія праходзілі навучанне ў рамках сумеснай праграмы, Андрэй Кароль назваў экзаменам не толькі для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але і для Пекінскага. «Мы вельмі хваляваліся. Я сказаў бы, што экзамен паспяховы, таму што ён (накіраваны. — Заўвага БЕЛТА) на стварэнне. Гэта першы крок для таго, каб вырашаць задачы, якія ставіць кіраўнік дзяржавы. Нам трэба пашыраць і паглыбляць супрацоўніцтва, шукаць самых лепшых», — канстатаваў рэктар БДУ.
«Пекінскі ўніверсітэт — гэта лідар не толькі ў Кітаі, ён уваходзіць у тройку лідараў на сусветнай арэне. І стварэнне сумеснай адукацыйнай праграмы перш за ўсё патрабавала вельмі добрай камунікацыі, таму што такой практыкі не было. І ў іх, і ў нас адукацыйныя праграмы былі арыентаваны на свае лякалы», — растлумачыў Андрэй Кароль.
У 2022 годзе паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Пекінскім універсітэтам было падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснай адукацыйнай праграмы бакалаўрыята па спецыяльнасці «біятэхналогія», а ў ліпені 2025-га — пагадненне па той жа спецыяльнасці ў рамках магістратуры.
Першы выпуск спецыялістаў, якія вучыліся ў рамках праграмы, адбыўся 30 чэрвеня бягучага года. Удзел у ім прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які наведаў Пекінскі ўніверсітэт у рамках рабочага візіту ў Кітайскую Народную Рэспубліку.






