Еўразійская інтэграцыя, гандаль і кааперацыя: аб чым гаварылі прэм’ер-міністры краін ЕАЭС у Мінску
3 кастрычніка, Мінск . Прэм’ер-міністры краін ЕАЭС прынялі ўдзел у пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў Мінску. Галоўныя тэзісы дня — у матэрыяле .
Беларусь прапанавала спосабы развіцця прамысловага патэнцыялу ЕАЭС
«Наш прамысловы патэнцыял расце апераджальнымі тэмпамі і здольны быць лакаматывам еўразійскай прамысловай кааперацыі. У кожнага з нас ёсць свае моцныя бакі, высокія кампетэнцыі ў той ці іншай сферы. Прыярытэтная задача — іх правільна аб’яднаць, ператварыць гэты патэнцыял у сумесныя прадукты, тэхналогіі і новыя рынкі», — сказаў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.
Першая прапанова для рэалізацыі гэтых задач — перазагрузіць падыход да прамысловай кааперацыі. «Беларусь бачыць значны патэнцыял сумеснай работы ў машынабудаванні, вытворчасці кампанентаў і абсталявання, мікраэлектроніцы, хімічнай прамысловасці, фармацэўтыцы, біятэхналогіях, новых матэрыялах і інфармацыйных тэхналогіях. Аднак галоўным крытэрыем эфектыўнасці нашай работы павінен быць не пералік напрамкаў, а з’яўленне рэальных сумесных праектаў і прадукцыі, канкурэнтаздольнай як на рынку ЕАЭС, так і на знешніх рынках», — адзначыў прэм’ер-міністр.
Другая прапанова — стварыць канвеер ад навуковай ідэі да серыйнай вытворчасці. Як падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада, для выпуску складанай прадукцыі неабходны не толькі вытворчыя магутнасці, але і інжынерныя рашэнні, праграмнае забеспячэнне, сучасныя матэрыялы і выпрабавальная база. Сёння ў ЕАЭС ёсць навуковыя арганізацыі, інжынерныя школы, прамысловыя прадпрыемствы і фінансавыя інструменты. Але паміж распрацоўкай і прамысловым укараненнем па-ранейшаму існуе разрыў.
Па-трэцяе, на думку Аляксандра Турчына, неабходна зрабіць штучны інтэлект інструментам росту прадукцыйнасці. «Краіны ЕАЭС ужо абазначылі агульную пазіцыю па адказным развіцці штучнага інтэлекту. Наступны крок — перайсці да прамысловых «пілотаў». Найбольш перспектыўна выкарыстоўваць ШІ там, дзе эфект можна змераць: у кантролі якасці, прагназаванні стану абсталявання, аптымізацыі вытворчых рэжымаў, кіраванні запасамі і энергаспажыванні», — абазначыў ён.
Сярод іншых яго прапаноў — ператварыць транспартныя калідоры ў лічбавыя вытворча-лагістычныя ланцужкі. І заключны акцэнт — абарона ўнутранага рынку саюза. «У ЕАЭС прадугледжаны розныя механізмы для абмежавання імпарту замежных тавараў, калі такі імпарт нясе істотныя рызыкі для суб’ектаў гаспадарання дзяржаў — членаў саюза. Аднак часта краіны ўводзяць аднабаковыя нетарыфныя меры, паколькі ўвядзенне абароны на пяць краін — гэта, як правіла, больш працяглая і складаная працэдура. Дык, можа, нам трэба хутчэй разгортвацца на пяць краін, а не прадаўжаць сегментавацца ў нацыянальным фармаце?» — звярнуў увагу прэм’ер-міністр.
Расія вылучыла тры прыярытэты еўразійскай інтэграцыі
Старшыня ўрада Расіі Міхаіл Мішусцін вылучыў некалькі напрамкаў, на якіх трэба, на яго думку, засяродзіць агульныя намаганні. «Першае — далейшая работа па ўмацаванні харчовай бяспекі: ад яе ў многім залежыць дабрабыт нашых грамадзян. Другое — умацаванне транспартна-лагістычнага комплексу. Трэцяе — энергетычная бяспека і захаванне пераваг нашых краін і кампаній як з пункту гледжання прыцягнення інвестыцый, так і ў прымяненні да пашырэння саюзных тавараў на замежных рынках», — сказаў ён.

Краіны ЕАЭС прадаўжаюць фарміраваць магутную індустрыяльную базу саюза. «Бачым аддачу ад каардынацыі намаганняў у гэтай галіне: павялічваецца прадукцыйнасць працы, зніжаецца залежнасць ад паставак сыравіны і камплектуючых з іншых краін, — адзначыў Міхаіл Мішусцін. — Упэўнены, наперадзе нас чакае яшчэ большы поспех».
Казахстан назваў тэндэнцыі на агульным рынку саюза і прапанаваў шэраг мер
Паводле ацэнак ЕЭК, сёлета асноўныя макраэканамічныя паказчыкі краін ЕАЭС у цэлым захоўваюць устойлівасць. «Разам з тым дынаміка эканамічнага развіцця застаецца нераўнамернай. Па выніках першага паўгоддзя бягучага года ВУП ЕАЭС вырас на 1,1% да аналагічнага перыяду мінулага года, у той час як на год раней рост складаў 1,8%. У інвестыцыйнай сферы таксама адзначаюцца рознанакіраваныя тэндэнцыі», — сказаў прэм’ер-міністр Казахстана Алжас Бекценаў.
На яго думку, у гэтых умовах асаблівае значэнне набывае рэалізацыя мер, накіраваных на падтрыманне інвестыцыйнай і вытворчай актыўнасці, пашырэнне эканамічнай кааперацыі і фарміраванне новых крыніц росту. «Прапануем засяродзіць намаганні на напрамках, якія садзейнічаюць умацаванню канкурэнтаздольнасці эканомік дзяржаў — членаў ЕАЭС», — заклікаў Алжас Бекценаў.
Першае — рэалізацыя транзітнага патэнцыялу ЕАЭС для развіцця ўзаемнага гандлю. Асаблівую актуальнасць набывае лічбавая трансфармацыя транспартнай галіны. Алжас Бекценаў прапанаваў ЕЭК актывізаваць работу ў напрамку фарміравання паўнацэннай экасістэмы лічбавых транспартных калідораў ЕАЭС, а дзяржавам-удзельніцам — абменьвацца вопытам і практычнымі рашэннямі ў гэтай сферы.
Другое — развіццё прамысловасці як аднаго з асноўных драйвераў росту эканомікі. «Лічым неабходным узмацніць работу па рэалізацыі асноўных напрамкаў прамысловага супрацоўніцтва ў ЕАЭС да 2030 года, нацэленых на паскарэнне тэмпаў эканамічнага росту. Асаблівую ўвагу прапануем удзяліць рэалізацыі сумесных праектаў. Упэўнены, што далейшае ўмацаванне кааперацыі дасць магчымасць стварыць новыя ланцужкі дабаўленай вартасці, пашырыць узаемны гандаль, надаць дадатковы імпульс эканомікам нашых краін», — абазначыў прэм’ер-міністр Казахстана.

Арменія заявіла аб прыхільнасці да супрацоўніцтва ў ЕАЭС
«Мы неаднаразова пацвярджалі прыхільнасць Арменіі да прадаўжэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў ЕАЭС, накіраванага на ўмацаванне эканамічнай стабільнасці і забеспячэнне ўстойлівага развіцця вялікага рэгіёна», — сказаў прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян.
Ён таксама падкрэсліў важнасць інтэграцыі Арменіі ў міжнародную чыгуначную сетку і адзначыў, што абмеркаваў з калегамі пытанні, звязаныя з рэгіянальнымі транспартнымі камунікацыямі.


Кыргызстан расказаў аб сваім бачанні новага этапу развіцця саюза
Старшыня Кабінета міністраў — кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Кыргызстана Адылбек Касымаліеў адзначыў, што краінам ЕАЭС удаецца забяспечваць паступальнае развіццё эканомік у няпростых знешніх умовах. «Гэта з’яўляецца паказчыкам нашай сумеснай эфектыўнай работы і правільнасці выбранага курсу інтэграцыі. Гэта даказвае дзейснасць механізмаў саюза, нават калі не ўсё вакол ідзе гладка», — падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, за мінулае дзесяцігоддзе была сфарміравана трывалая нарматыўная прававая аснова практычна па ўсіх ключавых напрамках інтэграцыі ў саюзе. «Сёння ЕАЭС уступае ў новы этап свайго развіцця. На гэтым фоне перад намі стаіць задача па рэалізацыі ўсіх дасягнутых дамоўленасцей і раскрыцці эканамічнага патэнцыялу саюза. Трэба пастаянна паляпшаць умовы для бізнесу і грамадзян, своечасова адаптаваць нашы механізмы да зменлівых эканамічных рэалій і, дзе гэта неабходна, пераглядаць падыходы да іх рэалізацыі. Асаблівае значэнне ў гэтай рабоце набывае эфектыўнае фарміраванне агульных рынкаў саюза», — зрабіў акцэнт Адылбек Касымаліеў.-0



