Форум Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня» стартаваў у Брэсце
20 чэрвеня, Брэст . У Брэсце стартаваў другі міжнародны форум Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня»,
Форум у горадзе над Бугам будзе доўжыцца тры дні. Ён прымеркаваны да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры абмеркавання будуць актуальныя пытанні захавання агульнай гістарычнай памяці, задачы патрыятычнага выхавання маладога пакалення на аснове гістарычных ведаў, развіццё грамадзянскасці і патрыятызму моладзі, выхаванне павагі да баявых і працоўных подзвігаў продкаў, фарміраванне беражлівых адносін да гістарычнай і культурнай спадчыны, а таксама абарона гістарычнай праўды. Асобная ўвага будзе ўдзелена процідзеянню ідэалогіі неанацызму як пагрозе цывілізацыйнаму светапарадку.
Паводле даных Брэсцкага аблвыканкама, мерапрыемства выклікае вялікую цікавасць у прадстаўнікоў СМІ. На форум акрэдытаваны каля 200 журналістаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая.
Праграма форуму адкрываецца пасяджэннем Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Перад гэтым маладыя парламентарыі ўсклалі кветкі да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», ушанавалі памяць загінулых мінутай маўчання. Таксама сёння прэзентуюць кнігу «Дарога да мая 1945. Нам патрэбна адна Перамога». Гэта выданне Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 

Фота Віялеты Южаковай






