Грамадства

Эксперты з сямі краін удзельнічаюць у навуковай канферэнцыі ў Белавежскай пушчы

25 верасня, Камянецкі раён . У нацыянальным парку «Белавежская пушча» ў Міжнародным навукова-даследчым цэнтры вывучэння дзікай прыроды 25-26 верасня праходзіць міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Зубр 2026: ад адраджэння віду да брэнда тэрыторыі»,

Канферэнцыя дала старт фестывалю «Зубр-фэст», які праходзіць у нацпарку ў гэтыя ж дні. Праграма канферэнцыі ўключае пленарнае пасяджэнне і чатыры секцыі. Яны прысвечаны біялогіі зубра, гісторыі фарміравання папуляцыі ў Белавежскай пушчы, пытанням яе захавання, а таксама сучаснаму ўспрыманню зубра як сімвала рэгіёна і краіны. Паводле інфармацыі арганізатараў, было прадстаўлена 98 навуковых артыкулаў 105 аўтараў з 47 арганізацый сямі краін — Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кітая, Расіі, Турцыі, Узбекістана. 

«Зубр — тэматыка рознабаковая. Гэта не толькі біялагічны від, папуляцыя якога адноўлена дзякуючы рабоце вучоных, але і брэнд нашай тэрыторыі, які аб’ядноўвае розныя напрамкі — вытворчыя, культурныя. Гэта і вывучэнне брэндынгу, і фальклор, які нясе зубрыную тэматыку на працягу стагоддзяў. Таму такія канферэнцыі павінны аб’ядноўваць гэтыя напрамкі, каб усебакова раскрываць тэму зубра ў нашай жамчужыне — Белавежскай пушчы», — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара нацпарку Юрый Рой.

«Сёння ў вочным фармаце прысутнічаюць 60 удзельнікаў. Астатнія выступяць анлайн. Усіх жадаючых аб’яднаць у адной прасторы немагчыма, таму работа арганізавана па секцыях — асобна па філалогіі, культуры, брэндынгу тэрыторыі і асобна па біялогіі зубра», — растлумачыў ён.

Юрый Рой адзначыў, што папуляцыя, адноўленая ў Белавежскай пушчы, сёння налічвае 784 зубры — яна адна з буйнейшых у свеце. «Большасць зуброў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, маюць роднасныя карані з нашым зубрам. Далейшая работа з папуляцыяй будзе цесна звязана з генетычным аналізам. Ён дасць магчымасць выявіць уплыў інбрыдынгу — блізкароднасных сувязей — на папуляцыі зубра як у пушчы, так і за яе межамі. Спадзяёмся, што такая работа праз 5-10 гадоў дасць свой плён. Наша мэта — умацаваць папуляцыю, пазбавіцца ад генетычных захворванняў і быць упэўненымі, што для гэтага віду зроблена ўсё магчымае», — расказаў намеснік гендырэктара.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»