Экспарт і інвестыцыі: міністр эканомікі расказаў, за кошт чаго Беларусь дасягне параметраў прагнозу-2027
Фота з архіва 30 верасня, Мінск . Міністр эканомікі Юрый Чабатар пракаменціраваў у размове з журналістамі важнейшыя паказчыкі і параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2027 год, якія сёння зацверджаны ўказам №342,
Паводле яго слоў, усе паказчыкі ўвязаны з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады, у аснове якой — дабрабыт грамадзян, таму ўсё накіравана на вырашэнне гэтай галоўнай задачы.
«За кошт чаго мы будзем развівацца і дасягаць пастаўленых мэт? У першую чаргу гэта экспартная праграма. У 2027 годзе прадугледжаны рост экспарту на 2,9%. Самае галоўнае, што мы прадаўжаем траекторыю руху па асваенні новых рынкаў далёкай дугі. Усе нашы экспарцёры будуць прадаўжаць атрымліваць падтрымку ў рамках дзеючых асноўных механізмаў — указаў №466 і №534. Таксама запрацаваў эксперымент па падтрымцы лагістыкі ў краіны далёкай дугі. Усё гэта будзе ствараць пэўны каркас для выканання задач у плане экспарту», — расказаў Юрый Чабатар.
Выконваецца Дырэктыва «Аб практычным напаўненні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай». «Гэта наш другі гандлёвы партнёр. Мы чакаем адпаведных вынікаў як па экспарце, так і па імпарце, а таксама ў сферы тэхналагічнага развіцця», — адзначыў міністр.
Другі напрамак — інвестыцыйная праграма. На наступны год запланаваны рост інвестыцый на 3,1%. «Мы ўжо не першы год робім стаўку на гэты напрамак. Перш за ўсё гэта мадэрнізацыя рэальнага сектара эканомікі, з’яўленне новых вытворчасцей. Мы сёння арыентуем усе нашы прадпрыемствы на паскораныя тэмпы абнаўлення машын і абсталявання. Прыняты ўказ Прэзідэнта «Аб стымуляванні рабатызацыі». Мы таксама прадоўжым нашу ініцыятыву ў плане падтрымкі праектаў з рэгіёнаў. Немалаважнымі з’яўляюцца рост прадукцыйнасці працы, нашых кампетэнцый, тэхналагічнай самадастатковасці, а таксама рэалізацыя сумесных праектаў з іншымі краінамі», — звярнуў увагу кіраўнік Мінэканомікі.
Што датычыцца будаўніцтва жылля, асаблівы акцэнт будзе зроблены на арэнднае — плануецца павялічыць тэмпы прыкладна ў 1,5 раза. «Будзе прадоўжана будаўніцтва асноўнай сацыяльнай інфраструктуры, рэалізацыя Дзяржінвестпраграмы, рэгіянальных праграм. Усё гэта будзе фарміраваць спрыяльныя ўмовы для росту дабрабыту насельніцтва», — падкрэсліў Юрый Чабатар.
Прырост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва плануецца забяспечыць на 3%. Але гэта не мяжа. «Мы ўпэўнены, што зарплата будзе расці больш высокімі тэмпамі, у тым ліку дзякуючы мадэрнізацыі нашых прадпрыемстваў. Садзейнічаць росту рэальных даходаў будуць і ўмераныя тэмпы росту інфляцыі — не больш як 6%. Перадумовы да гэтага ёсць, у тым ліку добры ўраджай у бягучым годзе», — зрабіў акцэнт міністр.
Валавы ўнутраны прадукт, згодна з прагнознымі параметрамі, у 2027 годзе вырасце на 1,9% да ўзроўню 2026 года. «Прырост плануецца каля $7 млрд з дасягненнем прыблізна $114-114,5 млдр. Будзе забяспечаны рост ВУП на душу насельніцтва, у тым ліку па парытэце пакупной здольнасці», — рэзюмаваў кіраўнік Мінэканомікі.
Фота Мікалая Пятрова




