Дзяржзнак, новыя мадэлі, беражлівая вытворчасць. Як МТЗ задае новыя стандарты якасці
Прысваенне Дзяржаўнага знака якасці Рэспублікі Беларусь — гэта не проста прыгожы радок у рэзюмэ прадпрыемства. Гэта прызнанне на вышэйшым узроўні, вынік тысяч гадзін інжынернай думкі і бездакорнай работы зборачных цэхаў. Трактар BELARUS 1222.3 атрымаў Дзяржаўны знак якасці ў 2025 годзе. У рамках спецыяльнага прэс-туру на Мінскі трактарны завод карэспандэнтам ўдалося ўбачыць, як ствараюць гэту машыну, і даведацца пра планы прадпрыемства на будучыню.
Чаму знак якасці дастаўся менавіта мадэлі BELARUS 1222.3
Дзяржаўны знак якасці — гэта вышэйшая форма прызнання якасці беларускай прадукцыі. Прысуджаецца ён на падставе комплекснай ацэнкі па пяці паказчыках: бяспека, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць і эстэтычнасць. Знак якасці пацвярджае, што прадукцыя адпавядае самым высокім стандартам і можа прадстаўляць краіну на міжнароднай арэне.
Трактар BELARUS 1222.3 стаў уладальнікам гэтай прэстыжнай узнагароды ў 2025 годзе, і гэта не выпадковасць. Машына прайшла шматэтапную экспертызу, уключаючы ацэнку профільных ведамстваў і анлайн-галасаванне спажыўцоў.

«Выбар нездарма ўпаў менавіта на гэту мадэль. Падрыхтоўка па распрацоўцы, канструяванні і непасрэдным вырабе была сур’ёзная. Па сутнасці, гэта мадэль вырасла з 1221, які вельмі палюбіўся спажыўцам і даволі добра сябе зарэкамендаваў на ўсіх рынках у першую чаргу дзякуючы сваёй надзейнасці і якасці вырабу», — падкрэслівае генеральны канструктар ААТ «МТЗ» Ігар Зямцоў.
У час прэс-туру журналістам паказалі вытворчыя лініі, дзе збіраецца гэта мадэль. Кожны трактар праходзіць шматступеньчаты кантроль якасці. Асаблівая ўвага ўдзяляецца кліматычнай адаптацыі: кабіны з кандыцыянерамі, сучасныя прыборныя панэлі з GPS-экранамі, эрганоміка органаў кіравання.
Сёння BELARUS 1222.3 упэўнена працуе ў розных кліматычных зонах — ад Беларусі і Расіі да краін Афрыкі і Цэнтральнай Азіі. Гэта ўніверсальная машына, якая спраўляецца з рознымі культурамі: ад рысу да бахчавых. Завод ужо выпусціў каля тысячы такіх трактароў, і попыт прадаўжае расці. 
«Галоўнае і ключавое ў гэтай гісторыі — давер. Таму цяпер важна ўтрымаць гэту планку і ні ў якім разе не скаціцца», — рэзюмуе Ігар Зямцоў.
Знак якасці як гарантыя. Што ён дае вытворцу і спажыўцу
Атрыманне Дзяржаўнага знака якасці — гэта не проста прызнанне, але і сур’ёзныя прэферэнцыі. Вытворца атрымлівае права выкарыстоўваць знак на прадукцыі, у дакументацыі і рэкламе на працягу двух гадоў.

Дзяржава падтрымлівае ўладальнікаў знака якасці: інфармацыя аб пераможцах размяшчаецца на афіцыйных сайтах дзяржорганаў, у гандлёвых кропках выдзяляюцца спецыяльныя месцы для такой прадукцыі, прадастаўляюцца скідкі на прасоўванне на рынкі Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі. Таксама аказваецца падтрымка ў размяшчэнні на буйнейшых міжнародных электронных гандлёвых пляцоўках.
У 2026 годзе ў працэдуру адбору ўнеслі важнае змяненне: знак якасці не можа быць прысвоены прадукцыі з замежнымі геаграфічнымі найменнямі ў назве. Гэта ўмацоўвае нацыянальную ідэнтычнасць і абараняе спажыўцоў ад увядзення ў зман адносна паходжання тавару.
Цяпер кампанія па прысваенні знака якасці прадаўжаецца. На партале качество.бел да 26 ліпеня 2026 года ідзе анлайн-галасаванне, дзе кожны жыхар Беларусі можа ацаніць эстэтычнасць прадукцыі-прэтэндэнтаў. Ужо каля 33 500 чалавек прынялі ўдзел у галасаванні. Падагульняючае рашэнне Рэспубліканская атэстацыйная камісія вынесе 1 жніўня.
Канкурэнты не даюць спаць. Якія планы ў МТЗ пасля атрымання знака якасці
Атрыманне высокай узнагароды не азначае, што на заводзе можна расслабіцца. Наадварот, гэта стымулюе новыя дасягненні.

«Мы пастаянна ў руху, канкурэнты не даюць МТЗ спаць. Цяпер актыўна працуем над 500-моцнай мадэллю, паралельна развіваем 82.4. У 12-й серыі прадаўжаем работу над 1523. Усё гэта датычыцца павелічэння магутнасці, аб’ёму гідраўлікі, памяншэння колькасці дэфектаў, павышэння камфорту аператара», — дзеліцца планамі Ігар Зямцоў.
Завод асвойвае і новыя напрамкі: распрацоўваюцца шахтавыя машыны для падземных работ, на вуліцах Мінска праходзяць выпрабаванні газонакасілак.
Важнае змяненне адбылося і ў сістэме вытворчасці. МТЗ першым у краіне атрымаў сертыфікат па сістэме беражлівай вытворчасці. Галоўная мэта — скараціць час ад закупкі матэрыялаў да выпуску гатовай прадукцыі. Матэрыялы павінны працаваць «з колаў»: паступілі, устанавілі, рэалізавалі.
«Укараняць гэта складана. За многія гады пэўныя рэчы ўстаяліся. Даводзіцца ўсё перабудоўваць, ламаць і рабіць нанава. Але большасць работнікаў ставяцца да гэтага з энтузіязмам, разумеючы, што гэта вядзе да развіцця прадпрыемства», — адзначае генеральны канструктар.
Ці вернецца МТЗ за новым знакам якасці? Ігар Зямцоў адказвае асцярожна: «Пакуль гаварыць аб прадстаўленні на знак якасці іншай мадэлі, напрыклад, 500-моцнай, рана. Яна пакуль у стадыі распрацоўкі і выпрабаванняў. Толькі калі мадэль папрацуе ў спажыўца, мы атрымаем зваротную сувязь. Але, маючы знак якасці на 1222, мы павінны ўсе астатнія мадэлі падцягваць. Абавязкова працаваць будзем».
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ,
.






