Дэлегацыя Беларусі ўдзельнічае ў Глабальным форуме па ўстойлівым транспарце ў Пекіне
Фота з архіва 22 верасня, Мінск . Дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам транспарту і камунікацый Аляксеем Ляхновічам прымае ўдзел у Глабальным форуме па ўстойлівым транспарце ў Пекіне, паведамілі ў прэс-службе Мінтранса.
Сярод удзельнікаў — кіраўнікі транспартных ведамстваў, профільных міністэрстваў з усяго свету. Мэта форуму — фарміраванне міжнароднага кансэнсусу і развіццё глабальнага супрацоўніцтва ў транспартнай і лагістычнай галінах.
Аляксей Ляхновіч адзначыў, што Беларусь паслядоўна падтрымлівае чатыры глабальныя ініцыятывы Кітая — у сферы развіцця, бяспекі, цывілізацыі і глабальнага кіравання. «Мы разглядаем гэтыя ініцыятывы як альтэрнатыву логіцы канфрантацыі. Транспарт — адна з ключавых асноў сучаснай эканомікі. Ад транспартных сувязей непасрэдна залежаць вытворчасць, гандаль, інвестыцыі і міжнародныя ланцужкі паставак. Таму развіццё транспартнай інфраструктуры і павышэнне якасці лагістычных паслуг — важнейшыя ўмовы ўстойлівага развіцця», — сказаў ён.
Міністр асабліва адзначыў важнасць Рамачнай асновы глабальнага развіцця і супрацоўніцтва ў галіне ўстойлівага транспарту, прадстаўленую ў рамках Глабальнага форуму. Гэты дакумент знаходзіць усебаковую падтрымку ў Беларусі. Ён накіраваны на павышэнне інфраструктурнай звязанасці, укараненне інавацый, аблягчэнне гандлю і інвестыцый, захаванне прынцыпаў адкрытасці і інклюзіўнасці, а галоўнае — на развіццё сухапутных, марскіх, паветраных і лічбавых сувязей.
Беларусь надае ўстойліваму транспарту прыярытэтнае значэнне. Урадам зацверджана дзяржпраграма «Транспарт Беларусі» на 2026-2030 гады з мэтай забяспечыць эфектыўную і ўстойлівую работу транспартнай сістэмы, павысіць яе тэхналагічны ўзровень і пашырыць прымяненне лічбавых інтэлектуальных рашэнняў.




