Дапамога аграрыям, узмоцнены рэжым службы. Кіраўнік МУС паставіў задачы на перыяд уборачнай кампаніі
Фота МУС 22 ліпеня, Мінск . Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў правёў селектарную нараду па ўборачнай кампаніі, паведамілі БЕЛТА ў МУС.
Кіраўнік МУС давёў задачы, якія Прэзідэнт паставіў у Палацы Незалежнасці. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснікі міністра, кіраўнікі падраздзяленняў цэнтральнага апарата, сталічнага ГУУС і абласных УУС. Іван Кубракоў даручыў аказваць практычнае садзейнічанне аграрыям, дзе патрэбна, перавесці ўчастковых інспектараў міліцыі на ўзмоцнены варыянт нясення службы. У гарачую пару дапамагаць павінны ў тым ліку аператыўнікі.
«Галоўныя задачы — захаванасць новага ўраджаю і процідзеянне крадзяжам. Бачна работа, бачны вынікі. Дзякую за прынцыповую пазіцыю ў адносінах да зладзеяў. Але не ўсюды гэта арганізавана належным чынам», — сказаў Іван Кубракоў.
Кіраўнік ведамства абазначыў, што некаторыя вадзіцелі ігнаруюць патрабаванне па ўкрыцці перавозімага збожжа тэнтамі, што прыводзіць да страт. Другі момант — крадзеж паліва. Недатыкальных быць не павінна. Калі ёсць факт крадзяжу, адпаведная інфармацыя, яе трэба праверыць па законе, як належыць. Кожны начальнік абласнога УУС павінен сустрэцца з аграрыямі і даведацца, якія ёсць пытанні, у чым патрэбна дапамога, і аказаць яе пры неабходнасці.
«Што датычыцца крытыкі, якая прагучала ў адрас органаў унутраных спраў. Выяўлены два ўчастковыя інспектары міліцыі, якія самастойна заключылі дагаворы з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў і залівалі іх паліва ў свае аўтамабілі, што, вядома, не мелі права рабіць. Абодва звольнены з ОУС», — расказаў Іван Кубракоў.
Міністр падкрэсліў, што праведзена вялікая работа па кантролі і садзейнічанні ўборачнай кампаніі. Многія падраздзяленні пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Ёсць станоўчыя вынікі, але з-за двух нягоднікаў сёння ганьба ўсёй міліцыі.
«Да кожнага ўчастковага на інструктажы давядзіце і папярэдзьце ўсіх: іх работа — пад пастаянным кантролем. Ніякага панібрацтва быць не павінна. Нармальныя чалавечыя адносіны — так, дапамога — вядома, павінен быць парадак. Не дай бог, паступіць інфармацыя, што хтосьці дзесьці спрыяе крадзяжам на сельгаспрадпрыемствах, увайшоў у цесны кантакт з кіраўнікамі АПК і закрывае вочы на парушэнні. Паважаныя калегі, адразу пасля такога сігналу будзе службовая праверка, і мы прымем самае жорсткае рашэнне. Неабходна праяўляць прынцыповасць», — акцэнтаваў увагу Іван Кубракоў.
Акрамя таго, кіраўнік ведамства запатрабаваў у абавязковым парадку працаўладкаваць усіх падуліковых і незанятых у эканоміцы. Прыярытэтная сфера — прадпрыемствы АПК. Таксама на асаблівым кантролі павінны знаходзіцца пытанні працоўнай дысцыпліны.





