Праект па стварэнні больш як 20 міні-футбольных палёў запусцілі ў рэгіёнах Беларусі
Фота з архіва 30 жніўня, Мінск . Банк развіцця і Беларуская федэрацыя футбола (АБФФ) запусцілі праект па стварэнні больш як 20 міні-футбольных палёў у рэгіёнах. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў банку.
Палі з’явяцца ў населеных пунктах да 20 тыс. жыхароў па ўсёй краіне. Першы аб’ект урачыста адкрылі ў аграгарадку Дзераўное Стаўбцоўскага раёна. Старшыня АБФФ Яўген Булойчык адзначыў, што стварэнне такіх аб’ектаў — інвестыцыя надоўга і са стапрацэнтным станоўчым эфектам. «Упэўнены, што пляцоўкі стануць сапраўднымі кропкамі росту для дзіцячага футбола ў рэгіёнах і падораць тысячам хлапчукоў шанц, якога ў многіх з нас некалі не было», — сказаў ён.
Акрамя Дзераўнога, палі з’явяцца ў Круглым і Клічаве, Шумілінскім раёне, Верхнядзвінску, Паставах, Гомельскім і Добрушскім раёнах, Жыткавічах, Драгічыне, Мікашэвічах, Лунінецкім, Столінскім і Іванаўскім раёнах, Дзятлаве, Шчучыне, Мастах, Вялікай Бераставіцы, Чэрвені, Пухавіцкім, Маладзечанскім і Мінскім раёнах. Адбор лакацый праходзіў сумесна з мясцовымі органамі ўлады зыходзячы з патрэбнасці ў развіцці дзіцяча-юнацкага футбола і патэнцыялу выкарыстання аб’екта для масавага спорту.
Намеснік старшыні праўлення Банка развіцця Канстанцін Панкевіч звярнуў увагу, што адна з галоўных задач банка — развіццё рэгіёнаў, у тым ліку шляхам стварэння сацыяльнай інфраструктуры. «Мы цудоўна разумеем: калі ў малых гарадах і аграгарадках няма чаго рабіць моладзі, калі там няма ўмоў для развіцця, то мы губляем чалавечы патэнцыял. А гэта б’е непасрэдна па эканоміцы рэгіёнаў. Таму ў Банка развіцця ёсць і сацыяльны бок дзейнасці — кропкавая падтрымка праектаў, якія ствараюць якасць жыцця на месцах. Мы помнім, што многія легенды беларускага футбола пачыналі свой шлях далёка не ў цяплічных умовах вялікіх гарадоў. Талент ёсць усюды. Наша задача — даць яму інфраструктуру, каб ён раскрыўся на радзіме», — сказаў Канстанцін Панкевіч.
Новыя спартыўныя аб’екты дадуць магчымасць практычна круглы год праводзіць трэніроўкі аддзяленняў футбольных школ, а таксама выкарыстоўвацца арганізацыямі адукацыі, прадпрыемствамі і ўстановамі для фізкультурна-аздараўленчай работы.





