Дажджы стварылі выдатныя ўмовы для ўсходаў азімых — Белгідрамет
Фота з архіва 11 верасня, Мінск . Дажджы стварылі выдатныя ўмовы для ўсходаў азімых, расказалі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Дажджы, якія адзначаліся ў першай дэкадзе верасня, папоўнілі запасы вільгаці, асабліва ў верхніх слаях глебы, але не паўсюдна. Па выніках інструментальнага вызначэння вільготнасці глебы пад азімымі збожжавымі культурамі і азімым рапсам, а таксама на палях, прызначаных пад сяўбу, утрыманне прадукцыйнай вільгаці ў глебе на асноўных масівах аказалася дастатковым для прарастання насення, з’яўлення ўсходаў і далейшага развіцця раслін. У асобных раёнах на паўночным усходзе краіны запасы вільгаці павышаныя. Пры гэтым у паўднёвай частцы Беларусі, дзе ўжо працяглы перыяд назіраецца дэфіцыт ападкаў, запасы вільгаці здавальняючыя і нізкія», — расказалі ў Белгідрамеце.
Паводле прагнозаў аграметэаролагаў, у бліжэйшы час на большай частцы тэрыторыі Беларусі аграметэаралагічныя ўмовы для правядзення азімай сяўбы будуць складвацца ў асноўным спрыяльна.
Больш актуальнай і цікавай інфармацыі аб надвор’і глядзіце ў праграме АНТ «Метэагід» на videobel.by.






