У свеце

ЦВК Арменіі анулявала вынікі галасавання на трох выбарчых участках

Фота РІА Навіны / Стрынгер 12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) Рэспублікі Арменія анулявала вынікі галасавання на парламенцкіх выбарах на трох выбарчых участках. Аб гэтым паведаміла прэс-служба Цэнтрвыбаркама, перадае Арменпрэс.

Так, адзначаецца, што прызнаны несапраўднымі вынікі галасавання на выбарчым участку нумар 12/13. «На гэтым участку ў дзень галасавання адсутнічаў выбарчы бюлетэнь пад нумарам 8», — гаворыцца ў паведамленні. Матэрыялы з гэтага выбарчага ўчастка накіраваны ў пракуратуру.

Яшчэ на двух выбарчых участках (нумар 10/51 і нумар 35/65) адбыліся парушэнні, якія маглі істотным чынам адбіцца на выніках галасавання, у сувязі з чым у час пазачарговага пасяджэння ЦВК 11 чэрвеня было прынята рашэнне прызнаць несапраўднымі галасы з гэтых участкаў.

ЦВК Арменіі заклікала дачакацца канчатковага падвядзення вынікаў галасавання 14 чэрвеня. «Цяпер любы афіцыйны каментарый ЦВК па сітуацыі можа быць успрыняты як прадузятае меркаванне, таму мы заклікаем вас дачакацца канчатковай справаздачы аб выніках галасавання 14 чэрвеня. Пасяджэнне будзе трансліравацца ў прамым эфіры і будзе адкрыта для асвятлення (а таксама для тых арганізацый, якія маюць права прысутнічаць на пасяджэннях ЦВК). Адразу пасля пасяджэння старшыня ЦВК правядзе прэс-канферэнцыю», — цытуе агенцтва заяву ЦВК.

Паводле папярэдніх вынікаў парламенцкіх выбараў, праведзеных у Арменіі 7 чэрвеня, у парламент праходзяць тры палітычныя сілы: партыя «Грамадзянскі дагавор», блок «Моцная Арменія» і блок «Арменія». Паводле папярэдніх даных, партыя «Грамадзянскі дагавор» атрымала 727 827 галасоў, або 49,825 працэнта. Блок «Моцная Арменія» атрымаў 340088 галасоў, або 23,281 працэнт, а блок «Арменія» — 145113 галасоў, або 9,934 працэнта. Партыя «Квітнеючая Арменія» вельмі блізкая да прахаднога парога 4 працэнты. Паводле папярэдніх вынікаў, яна атрымала 3,996 працэнта. Партыі не хапае 0,004 працэнтнага пункта для праходжання ў парламент.

ЦВК атрымала заявы аб пераліку галасоў ад трох палітычных сіл: партыі «Квітнеючая Арменія», блока «Моцная Арменія» і партыі «Крылы адзінства». На гэтым этапе вядуцца работы па пераліку галасоў.-0-

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»