Больш за 350 экспертаў у галіне права сабрала ў Мінску VIII Асенняя навуковая сесія
15 кастрычніка, Мінск . Ад рэалізацыі норм абноўленай Канстытуцыі і ідэй справядлівасці да ўдасканалення галіновага заканадаўства — такія пытанні ўключаны ў парадак дня рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Прававая палітыка, навука, практыка — 2026» і VIII Асенняй навуковай сесіі, расказаў журналістам дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі (НЦЗПІ) Андрэй Матэльскі,
Андрэй Матэльскі адзначыў, што кола тэм для абмеркавання шырокае. Акрамя пленарнага пасяджэння запланаваны круглыя сталы па розных напрамках. Асобная пляцоўка аб’яднае маладых вучоных. Упершыню будуць праведзены Канстытуцыйныя чытанні, прысвечаныя пытанням духоўна-маральных каштоўнасцей як канстытуцыйных імператываў сучаснага грамадства і дзяржавы.
«Парадак дня прыцягвае ўвагу вучоных, юрыстаў з розных галін права, практыкаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, студэнцкай моладзі. Да нас прыехалі госці і партнёры з замежных краін, у прыватнасці Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Узбекістан. З Інстытутам заканадаўства і прававой палітыкі пры Прэзідэнце Узбекістана ўчора падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве», — расказаў Андрэй Матэльскі.
Асенняя навуковая сесія сабрала больш за 350 удзельнікаў. «Абмяркоўваем не толькі ўдасканаленне права з пункту гледжання навукі, але і шмат увагі ўдзяляем канкрэтным практычным пытанням. Па выніках, як правіла, атрымліваем вялікую колькасць матэрыялу, які выкарыстоўваем у заканатворчай рабоце», — падкрэсліў Андрэй Матэльскі, дадаўшы, што пытанні, якія разглядаюцца, уплываюць непасрэдна на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, улічваюць сучасныя выклікі.
Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Прававая палітыка, навука, практыка — 2026» — адна з цэнтральных навуковых падзей года ў галіне права. Арганізатарам выступае НЦЗПІ. У фокусе абмеркавання — тэарэтычныя і практычныя пытанні прававой палітыкі ў такіх сферах, як дзяржаўнае будаўніцтва, інфармацыйнае, грамадзянскае і экалагічнае права, праваахоўная, праваабарончая і міжнародна-прававая палітыка.
На круглых сталах эксперты разгледзяць пытанні сістэматызацыі заканадаўства, лічбавізацыі нарматворчай дзейнасці, падзеляцца ідэямі юрыдычнай абароны нацыянальных інтарэсаў у працэсе прыцягнення інвестыцый, паспяховымі напрацоўкамі ў абароне гістарычнай праўды і інш.
Асенняя навуковая сесія праходзіць у Мінску з 14 па 16 кастрычніка. Фота Максіма Гучака





